Суд над затрыманымі ў Віцебскай вобласьці сьвятарамі адбыўся 10 траўня дыстанцыйна. Як расказалі Katolik.life вернікі, затрыманых не прывозілі ў суд і разглядалі іх адміністрацыйную справу праз «Скайп».
Вынік суда вернікам і духавенству не паведамілі, аднак вядома, што сьвятары застаюцца ў зьняволеньні – гэта значыць, што ім быў прысуджаны адміністрацыйны арышт.
Нагадаем, 8 траўня, былі затрыманыя міліцыяй айцец Анджэй Юхневіч і айцец Павел Лемех з ордэну Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у дыяцэзіянальным санктуарыі ў Шуміліне. Затрыманьне адбылося паводле нібыта падрыўной дзейнасьці супраць беларускай дзяржавы.
Акрамя таго, Katolik.life расказалі пра яшчэ адно затрыманьне ў Шуміліне. У той жа дзень, калі сілавікі прыехалі да сьвятароў, толькі на некалькі гадзін раней, па месцы працы затрымалі сьвецкую верніцу, парафіянку касьцёла ў Шуміліне. Гэта маладая жанчына, пэдагог, удзельніца душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі, раней была вакалісткай музычнага гурта. Цяпер яна таксама знаходзіцца ў зьняволеньні ў Віцебску.
Згодна з маніторынгам ініцыятывы «Хрысьціянская візія», з 2020 году перасьлед зазналі не менш як 26 прадстаўнікоў рымска-каталіцкага касьцёла ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы за «падрыўную дзейнасьць» сьвятар з Шуміліна публічна выказваў салідарнасьць з Украінай