Пра гэта сама Лілія Яноўская ўчора паведаміла ў Фэйсбуку і апублікавала фота зь бел-чырвона-белым сьцягам на вяршыні.
Макалу зьяўляецца адным з самых цяжкіх «васьмітысячнікаў» (горныя вяршыні, вышыня над узроўнем мора якіх перавышае 8000 мэтраў) для ўздыму.
На сёньняшні дзень беларуска скарыла ўжо 8 з 14 «васьмітысячнікаў»: Чо-Айю, Манаслу, Эвэрэст, К2, Гашэрбрум 2, Даўлагіры, Лхоцзэ, Макалу.
Лілія Яноўская — грамадзянка Беларусі і Канады. Нарадзілася ў Івянцы, гадавалася ў Менску. Закончыла матэматычны факультэт БДУ, пазьней атрымала другую вышэйшую адукацыю ў галіне фінансавага аналізу. Замужам, мае трох дачок. У 1990-я гады сям’я эмігравала ў Канаду.
Лілія пачала займацца альпінізмам пасьля нараджэньня трэцяй унучкі, ва ўзросьце 50 гадоў. Менш чым праз два гады паднялася на гару Кіліманджара ў Танзаніі. Да 2013 году Лілія здабыла найвышэйшы пік у Паўднёвай Амэрыцы, Аканкагуа ў Аргентыне (6962 м) і да 2017 году паднялася на дзесяць пікаў па ўсім сьвеце, уключаючы гару Матэрхорн у Швайцарыі (4478 м), Рэйнэр у ЗША, а таксама стратавульканы ў Мэксыцы, Эквадоры і Пэру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска падняла на Эвэрэст бел-чырвона-белы сьцяг, сьцягі Ўкраіны і Канады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Падыму бел-чырвона-белы сьцяг», — 61-гадовая Лілія Яноўская можа стаць першай беларускай на Эвэрэсьце