Амбасадары краінаў Эўразьвязу ўзгаднілі праект, які апісвае гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, паведамляе нямецкая газэта Welt, якая азнаёмілася з дакумэнтам. Адзначаецца, што праект пазначаны як «канфідэнцыйны».
Паводле выданьня, у дакумэнце агаворанае наданьне Ўкраіне кансультацыяў на працягу 24 гадзін пасьля патэнцыйнай агрэсіі супраць краіны. Аднак, як адзначае Welt, дамова выключае прамы ўдзел вайскоўцаў Эўразьвязу ў баявых дзеяньнях супраць Расеі. Брусэль абяцае Ўкраіне працяг паставак сьмяротнай і несьмяротнай зброі, працяг навучаньня вайскоўцаў, дапамогу ў рэфармаваньні сэктару бясьпекі, падтрымку ў разьмінаваньні краіны і супрацоўніцтва ў супрацьдзеяньні гібрыдным пагрозам і кібэратакам.
Дакумэнт таксама прадугледжвае, што памер фонду дапамогі Ўкраіне ў 2024 годзе дасягне 5 мільярдаў эўра. У далейшым ён можа быць павялічаны ў залежнасьці ад патрэбаў украінскай арміі і магчымасьцяў краінаў Эўразьвязу.
«Эўразьвяз і яго дзяржавы-чальцы адыгрываюць ключавую ролю ў непасрэднай і доўгатэрміновай бясьпецы і ўстойлівасьці Ўкраіны з дапамогай ваеннай, грамадзянскай, гуманітарнай, фінансавай, гандлёвай і эканамічнай дапамогі, разьмяшчэньня перамешчаных асобаў, падтрымкі рэформаў і рэканструкцыі, а таксама з дапамогай абмежавальных мераў і дыпляматычнай падтрымкі», — гаворыцца ў дакумэнце.
Паводле зьвестак Welt, пакуль толькі сем дзяржаваў Эўразьвязу пагадзіліся даць Украіне гарантыі бясьпекі: Нямеччына, Данія, Францыя, Італія, Фінляндыя, Нідэрлянды і Латвія. Яшчэ 10 краін адмаўляюцца заключыць пагадненьні: Славакія, Вугоршчына Харватыя, Баўгарыя, Кіпр, Ірляндыя, Аўстрыя, Мальта, Швайцарыя і Турэччына.
На дадзены момант Брусэль абмяркоўвае ўмовы дамовы з Кіевам, дакумэнт плянуецца падпісаць не пазьней за пачатак ліпеня 2024 году. Чакаецца, што гэтыя гарантыі будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль Украіна не далучыцца да Эўразьвязу і NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амэрыканскі часопіс Foreign Affairs распавёў аб прычынах зрыву мірных перамоваў паміж Кіевам і Масквой