Цяпер дзіцячыя дамы ў Беларусі зьявяцца і пры манастырах. Там будуць жыць дзеці ад 3 да 18 гадоў, вынікае з пастановы Міністэрства адукацыі, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Гэта прадугледжана зьменамі ў пастанову Міністэрства адукацыі «Аб дзіцячым доме, дзіцячай вёсцы, дзіцячым мястэчку» ад 25 ліпеня 2011 году № 124.
У дакумэнце даецца вызначэньне дзіцячага дому пры манастырах. Згодна зь ім, у іх будуць пражываць дзеці-сіроты і дзяці, якія засталіся без апекі бацькоў, ва ўзросьце ад 3 да 18 гадоў, у тым ліку тых, хто навучаецца ва ўстановах адукацыі на дзённай форме. Таксама дзіцячыя дамы пры манастырах будуць ажыцьцяўляць іх «постінтэрнатнае суправаджэньне».
Колькасьць выхаванцаў дзіцячага дома пры манастыры будзе складаць ня больш за 20 дзяцей.
У дакумэнце адзначаецца, што дзіцячыя дамы пры манастырах могуць быць як дзяржаўнымі, так і прыватнымі.
Таксама ў палажэньні прапісана, што пры накіраваньні дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, у дзіцячы дом пры манастыры, «пры наяўнасьці зьвестак, улічваецца іх стаўленьне да рэлігіі, рэлігійныя традыцыі сем’яў, у якіх выхоўваліся дзеці».
Летась старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава абмяркоўвала з кіраўнікамі дзяржорганаў і Беларускай праваслаўнай царквы магчымасьць арганізацыі пры манастырах прытулкаў для дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. Яна распавяла, што ідэю перадаваць адабраных зь семʼяў дзяцей у манастыры яна «падгледзела» ў Расеі. Прапанову ўхвалілі і прадстаўнікі царквы, і беларускія прапагандысты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Качанава прапанавала аддаваць у манастыры дзяцей, якіх адабралі ў бацькоў — «як у Расеі»