У красавіку, паводле Белстату, цэны агулам вырасьлі на 0,4%: харчовыя тавары падаражэлі на 0,6%, нехарчовыя — на 0,4%, паслугі — на 0,2%.
У гадавым вымярэньні (у параўнаньні з красавіком 2023 году) спажывецкія цэны вырасьлі на 5,6%: харчовыя тавары — на 6,2%, нехарчовыя — на 3,9%, паслугі — на 6,9%.
Што падаражэла найбольш
З харчовых прадуктаў з пачатку 2024 году ў Беларусі найбольш падаражэлі салодкі перац (на 46,3%), морква (на 34,8%), буракі (на 25,4%, капуста (на 22%), цыбуля (на 19,3%), вынікае са статыстыкі Белстату.
Ёсьць і прадукты, якія з пачатку году крыху патаньнелі: сярод іх цытрусавыя (на 10,3%), грэчка (на 4,2%), кансэрваваная садавіна (на 3,3%), аўсяныя шматкі (на 2%) і інш.
Сярод нехарчовых тавараў найбольш падаражэлі корпусная мэбля (на 6,8%), некаторы абутак (боты ці чаравікі на футры — 6,3%, басаножкі, сандалеты — 5,7%), гарнітур для пярэдняга пакоя (на 5,7%), капелюшы (на 4,6%).
Найбольш патаньнелі сродкі для мыцьця вокнаў, пліткі, выдаленьня цвілі (на 9%), камплект дзіцячай бялізны (на 2,7%), шкарпэткі, гольфы — на 2,6% (з паўшарсьцяной пражы — на 1,8%), шторы (на 1,8%).
З паслуг найбольш падаражэлі шэраг камунальных паслуг (абыходжаньне з цьвёрдымі камунальнымі адходамі — на 17, 6%, карыстаньне ліфтам — на 17,2%, каналізацыя — на 15,1%, тэхнічнае абслугоўваньне жылых памяшканьняў — на 13,2%), а таксама квіткі ў тэатар (на 16,1%).
Патаньнелі з пачатку году толькі тры віды паслуг: рытуальныя — на 6,3%, страхаваньне легкавога аўтатранспарту — 1,6% і паветранага транспарту — 1%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Эўразьвязе інфляцыя істотна ніжэйшая, чым у Беларусі, дзе цэны кантралюе дзяржава- Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта плянавымі) парамэтрамі разьвіцьця Беларусі на 2024 год, інфляцыя не павінна перавысіць 6%. У 2023 годзе цэны ў Беларусі вырасьлі на 5,8%.
- Дасьледчы цэнтар BEROC прагназуе, што рост цэнаў па выніках года складзе 6,1%, Міжнародны валютны фонд прагназуе інфляцыю ў 6,3%, Эўразійскі банк разьвіцьця — у 8%.
- 6 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка адмысловай дырэктывай забараніў падвышаць цэны. Для гэтага ўвялі адмысловую дырэктыву № 10. 19 кастрычніка таго ж году ўрад Беларусі прыняў альтэрнатыву — пастанову аб рэгуляваньні цэнаў на пэўныя тавары: увялі гранічныя надбаўкі для імпартэраў і гандлю.
- На гэтым фоне ў гандлі па ўсёй Беларусі арганізавалі маштабныя рэйды. На бізнэс заводзілі крымінальныя справы, судзілі (напрыклад, за падвышэньне цаны на сыр на 26 капеек дырэктару крамы далі 2 гады з адтэрміноўкай).
- У кастрычніку і лістападзе 2022 году ў цэлым па Беларусі зафіксавалі дэфляцыю (зьніжэньне цэнаў), але ў сьнежні цэны зноў пачалі расьці. У 2023 годзе Нацбанк неаднойчы паведамляў, што рост рэгуляваных цэнаў апярэджвае агульную інфляцыю ў Беларусі.
- Чыноўнікі неаднаразова казалі, што ня маюць намеру адмяняць пастанову ўраду аб рэгуляваньні цэнаў. Пры гэтым і чыноўнікі, і экспэрты адзначаюць, што дзяржрэгуляваньне пагражае адкладзеным ростам цэнаў.