«Была шпіталізаваная». Палітзьняволеная журналістка Кацярына Андрэева перахварэла на пнэўманію

Кацярына Андрэева. 2020 год

Як паведаміў у сваіх сацсетках Ігар Ільяш, муж Кацярыны Андрэевай(Бахвалавай), палітзьняволеная пры канцы красавіка перахварэла за кратамі на пнэўманію.

«Была шпіталізаваная, праляжала ў санчастцы калёніі 10 дзён. На шчасьце, пнэўманія была не вялікая, а ачаговая. Лекары своечасова дыягнаставалі хваробу і вельмі адказна паставіліся да лячэньня. Каця ачуняла, і на мінулым тыдні яе выпісалі з санчасткі», — напісаў Ігар Ільяш у Фэйсбуку.

Паводле Ільяша, «перад тым як захварэць на пнэўманію, Каця перанесла моцны прыступ сэзоннай алергіі».

Андрэева заўсёды была алергікам, але ў зьняволеньні гэтая праблема рэзка абвастрылася, адзначае муж палітзьняволенай.

«Прыступы становяцца значна больш пакутлівымі, а сьпіс алергенаў — шырэйшым. У пачатку красавіка алергічны ацёк прыйшлося здымаць пры дапамозе ўколаў (спачатку ўнутрымышачна, а потым унутрывенна), бо Каця зусім не магла дыхаць праз нос».

Ігар Ільяш канстатуе, што «у цэлым за амаль што 3,5 года зьняволеньня праз агульнае аслабленьне арганізму Каця стала часьцей хварэць на прастуды і пакутаваць ад галаўных боляў. У яе прыкметна пагоршыўся зрок — амаль непазьбежная праблема для тых, хто працяглы час знаходзіцца за кратамі».

У лютым 2021 году Андрэевай прысудзілі 2 гады зьняволеньня паводле 342 артыкула «за ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (стрым з «плошчы Перамен» 15 лістапада 2020 году), а ў 2022 годзе, ужо падчас адбыцьця першага тэрміну, зноў — 8 гадоў і 3 месяцы паводле артыкула 356 аб «здрадзе дзяржаве». Сутнасьць абвінавачаньняў невядомая дагэтуль.

Каля трох гадоў Кацярыну Андрэеву трымаюць у жаночай калёніі № 4 у Гомлі. Вядома, што палітзьняволеная працуе на швейнай вытворчасьці, у вольны час яна чытае і піша вершы.

Вершы Кацярына Андрэева піша па-беларуску і па-расейску. Некаторыя зь іх у сваіх сацсетках публікуе ейны муж Ігар Ільяш. Вось радкі зь верша бяз назвы, якія, на ягоную думку, адлюстроўваюць цяперашні досьвед Кацярыны.

А во мраке колючие звёзды, в строю по пять.
Средь высоких снегов кружат и кружат, скользя.
Их нельзя ни остановить, ни обнять —
Впрочем, оно и к лучшему, что нельзя.

Некаторыя вершы Кацярыны Андрэевай у межах праекту FreeAllWords былі перакладзеныя на розныя эўрапейскія мовы. «Аднак у калёніі вельмі шмат працы, таму знаходзіць час на вершы атрымліваецца рэдка», — паведамляла пра недахоп часу для творчасьці аўтарка.