Лукашэнка звольніў начальніка Генштаба. Гулевіч пратрымаўся на пасадзе 3 гады, быў пад санкцыямі праз падтрымку расейскай агрэсіі

Віктар Гулевіч

Генэрал-маёр Віктар Гулевіч вызвалены ад пасады начальніка Генэральнага штабу Ўзброеных Сіл — першага намесьніка міністра абароны. Адпаведны ўказ сёньня падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

54-гадовы Віктар Гулевіч звольнены з вайсковай службы ў запас па ўзросьце з правам нашэньня вайсковай формы адзеньня і знакаў адрозьненьня, паведамляе Белта.

У першай палове сакавіка 2021 году Лукашэнка зрабіў чарговыя перастаноўкі ў сілавых ведамствах. Тады Віктар Гулевіч узначаліў Генэральны штаб.

У 1990 годзе ён скончыў Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню імя Вярхоўнага Савету РСФСР з чырвоным дыплёмам. Службу пачынаў камандзірам мотастралковага ўзводу ў ГДР. Затым праходзіў службу ва Ўзброеных сілах РФ у Закаўкаскай вайсковай акрузе. У Беларусь прыехаў пасьля распаду СССР.

Праз падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне знаходзіцца пад санкцыямі 27 краін ЭЗ, Вялікай Брытаніі, Канады і іншых дэмакратычных дзяржаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адданыя Крамлю? Ключавыя вайскоўцы Лукашэнкі — ураджэнцы Расеі або выпускнікі расейскіх вучэльняў