Паротнікаў віны не прызнае
Справа заснавальніка і кіраўніка аналітычнага цэнтру Belaus Security Blog Андрэя Паротнікава рухаецца да суду. Пра гэта Свабодзе паведаміла кампэтэнтная крыніца, якая прасіла не называць яе дзеля бясьпекі.
Паводле крыніцы, Андрэя Паротнікава вінавацяць у здрадзе дзяржаве, але ён па-ранейшаму не прызнае віны. «Вядома, што віны не прызнаў», — паведаміла крыніца.
«Усе прыкметы такія, што сьледчыя дзеяньні завяршаюцца і хутка будзе прызначаны суд», — дадаў суразмоўца Свабоды, але адмовіўся паведаміць дэталі, спаслаўшыся на захады бясьпекі.
Палітоляг, адмыслоўца ў справах бясьпекі Андрэй Паротнікаў быў арыштаваны ў сакавіку 2023 году, і з таго часу яго трымаюць у СІЗА КДБ «Амэрыканка». Пасьля затрыманьня вядомага палітоляга з афіцыйных крыніц стала вядома, што яго падазраюць у «здрадзе дзяржаве». За гэта Паротнікаву пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Паводле крыніц, доўгі час сьледчых дзеяньняў па справе Андрэя Паротнікава зь ягоным удзелам не вялося, але ў 2024 годзе сьледчыя актывізаваліся.
Пра ўмовы, у якіх трымаюць Андрэя Паротнікава, вядома няшмат. Суразмоўца Свабоды паведаміў, што Андрэя выводзяць на прагулкі, ён атрымлівае перадачы і лістуецца са сваякамі.
«Са здароўем, здаецца, ня так кепска, трымаецца», — дадала крыніца пра Андрэя Паротнікава.
У верасьні 2023 году беларускія праваабаронцы прызналі кіраўніка аналітычнага цэнтру Belaus Security Blog Андрэя Паротнікава палітвязьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязень Паротнікаў у СІЗА КДБ заказаў падручнік гішпанскай мовыПалітзьняволеная Ірына Алябовіч зламала ў калёніі шыйку сьцягна
Пра гэта паведамляе @dissidentBY. У 2022 годзе, калі жанчына прыехала ў калёнію, яна зламала шыйку сьцягна і правяла больш за год у санчастцы. Косткі зрасьліся няправільна, і Ірына доўга чакала якаснай дапамогі і пратэза. Ірыне Алябовіч не выдавалі нават хадункоў, хоць яны ў калёніі былі. Дзякуючы сваякам праблема вырашылася, цяпер жанчыну перавялі ў звычайны атрад і яна мае хадункі.
Ірыну затрымалі 28 сакавіка 2022 году. Яе абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу за камэнтары. У судзе Цэнтральнага раёну Менску 27 чэрвеня 2022 году судзьдзя Дзьмітры Карсюк асудзіў яе на 3 гады калёніі і штраф у памеры 200 базавых велічыняў. Цяпер жанчына адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калёніі № 4.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хворы на рак палітвязень Кастусёў чацьверты раз сустракае дзень нараджэньня за кратамі. На волю трапіў яго пранізьлівы верш-запавет