«Я баюся. Пастаянна». Як жывуць сваякі палітэмігрантаў пасьля пагрозаў Лукашэнкі

Сілавік. Ілюстрацыйнае фота

Трое сваякоў актывістаў, якія вымушана выехалі зь Беларусі за мяжу, расказалі Свабодзе, наколькі ім страшна далей заставацца на радзіме і што іх хвалюе найбольш, калі рэпрэсаваных блізкіх ужо няма ў краіне.

Аляксандар Лукашэнка сёлета 25 красавіка намякнуў палітэмігрантам, якія рыхтуюцца вызваляць Беларусь ад ягонага рэжыму, на кепскія наступствы для іх і іхнай маёмасьці, а таксама прыгразіў сваякам.

«Не забывайце, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім сваякам. Не забывайце, што ў вас нейкая ўласнасьць ёсьць тут. Раю ўжо забыць пра гэтую ўласнасьць. Але ня стаўце пад удар сваіх сваякоў», — сказаў Лукашэнка.

Але ўжо вядомыя выпадкі, калі ўлады помсьцілі родным добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны, актывістаў, палітыкаў, якіх унесьлі ў «экстрэмісцкія сьпісы» або на якіх завялі крымінальныя справы. У іх кватэрах праводзяць ператрусы, арыштоўваюць маёмасьць, знаходзяць часам фармальную нагоду, каб затрымаць кагосьці зь сям’і на «суткі» або на гады.

Свабода ананімна пагаварыла зь непублічнымі сваякамі палітэмігрантаў пра тое, як яны жывуць у такой атмасфэры, калі сыну даводзіцца адказваць за бацьку і наадварот.

Затрыманьні удзельнікаў пратэстаў восеньню 2020 году ля Менску

«Калі я стаю на памежным кантролі, у мяне сэрца ў пятках»

Ірына* (імёны ўсіх суразмоўцаў зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) застаецца жыць у Беларусі. Адзін зь ейных блізкіх сваякоў пільна зьехаў за мяжу, каб ня трапіць у турму, бо вёў актыўнае палітычнае жыцьцё, да яго дадому прыходзілі зь ператрусам. Сама Ірына ня брала ўдзелу ў акцыях пратэсту, не пісала камэнтароў на гэтую тэму ў сацсетках, не адпраўляла данатаў (хаця яна таксама супраць Лукашэнкі).

Беларуска прызнаецца, што, нягледзячы на гэта, ёй жывецца на радзіме зусім неспакойна.

«Кожны дзень да цябе могуць прыйсьці. У нас быў пэрыяд, калі штотыдзень у пэўны дзень, як закон, прыходзілі і арыштоўвалі па 10-15 чалавек», — успамінае яна.

Ірына кажа, што калі яна едзе за мяжу ў госьці да свайго блізкага, то ня кажа пра сапраўдную мэту паездкі памежнікам. Са сваяком у іх розныя прозьвішчы.

«Бо спытаюцца, хто ён. Вядома, ён „памечаны“. Натуральна, і мяне могуць арыштаваць за нешта, нават за тое, што я ягоная сваячка. Зразумела, я пляла, што езьдзіла адпачыць», — кажа Ірына.

На час пераходу мяжы яна адпісваецца ад сваяка ў сацыяльных сетках.

«Усё адно кожны раз, калі я на мяжы стаю на памежным кантролі, у мяне сэрца ў пятах. Не таму, што вязу недазволеныя кіляграмы. Як я ехала першы раз пасьля 2020 году, мой пашпарт тыкалі ва ўсе тры кампутары. А потым прыйшоў начальнік, і гэтая дзяўчына нешта шаптала яму на вуха», — успамінае хвалюючы момант беларуска.

Былі сытуацыі, калі яна і на працы хавала, хто ейны сваяк. Асабліва калі трэба было паехаць да яго за мяжу і адпрасіцца ў кіраўніцтва. Называла іншую прычыну.

«Я разумела, што калі скажу праўду, пачнуцца іншыя пытаньні, і гэта дабром для мяне ня скончыцца», — перакананая Ірына.

Сілавікі спэцпадразьдзяленьняў на вуліцах Менску, восень 2020


Яна кажа, што ў 2020 годзе адкрыта выказвала сярод знаёмых і калег сваю пазыцыю да Лукашэнкі. Тады, зь ейных словаў, ніхто гэтага не хаваў.

«Як пачаліся арышты, людзі прымоўклі. Адкрыта ўжо не выказваюцца. Але ж людзі побач ведаюць. Цяпер і здаюць адно аднаго. Я ведаю рэальныя выпадкі, хапае», — кажа яна.

Па словах Ірыны, у яе атачэньні ёсьць людзі, якія сталі менш зь ёй камунікаваць, бо ейны сваяк выехаў зь Беларусі праз палітыку.

«Цяпер толькі па працы, „добры дзень“, „да пабачэньня“ — і ўсё. Сяброўства, як раней, няма. Я ня надта засмучаюся», — кажа суразмоўца.

Яна дадае, што засталіся і добрыя сяброўкі, якія падтрымліваюць яе маральна. Пытаюцца, як жыве за мяжой блізкі чалавек.

«Адкрыта цяпер нічога не гаворыцца, асабліва калі мы сядзім групай. Звычайна мы адыдзем убок і там пагаворым. Людзі запужаныя страшна. Усе баяцца гаварыць на гэтыя тэмы ў грамадзкім месцы. Даходзіць да таго, што стараюцца не надзяваць разам белае і чырвонае. Бывае, што ў кагосьці проста ёсьць такое, гэта супадзеньне», — дзеліцца суразмоўца назіраньнямі аб атмасфэры ў Беларусі.

Ірына хвалюецца, што могуць затрымаць іншых сваякоў, якія менш стрыманыя за яе і могуць адкрыта сказаць пра сваю пазыцыю і стаўленьне да таго, што адбываецца ў краіне. Да яе самой сілавікі не прыходзілі пасьля таго, як перасьледаваны родны выехаў за мяжу.

Беларуска не крыўдуе на блізкага за палітычную актыўнасьць, празь якую цяпер могуць пацярпець людзі ў Беларусі, бо сама мае такія самыя погляды. Яна таксама не выключае, што жытло, якое належыць ейнаму сваяку-эмігранту, могуць забраць.

Сілавікі на вуліцах Менску, 2020 год

«З многімі знаёмымі і нават роднымі поўнае непаразуменьне»

Ганна пэнсіянэрка. Жыве ў Беларусі. Малодшыя пакаленьні ейнай сям’і тэрмінова выехалі, бо адна са сваячак прадбачыла, што яе могуць затрымаць за падтрымку пратэстаў 2020 году.

«У мяне вялізная праблема: я страціла сям’ю, любімых унукаў. Засталася практычна адна», — кажа беларуска.

Ганна гаворыць, што баіцца жыць у Беларусі.

«Я адчуваю трывогу, напружаньне пастаянна. Асабліва калі чытаю новы ўказ, артыкул з пагрозамі», — прызнаецца яна.

Суразмоўца дадае, што ейны пэнсіянэрскі статус дазваляе дыстанцыявацца ад дзяржаўнай сыстэмы, але ёй усё адно страшна. З ад’ездам сям’і яна страціла псыхалягічную і іншую падтрымку. Па словах жанчыны, калі дзеці былі побач, Ганьне было на каго абаперціся, яна адчувала сваю абароненасьць. Дадае, што не злуе на дзяцей за тое, што адбылася сытуацыя, якая вымусіла іх зьехаць.

«Усё было слушна, апрача аднаго. Яны не прадбачылі і не падрыхтаваліся. Засталося шмат пытаньняў, якія вырашыць немагчыма. Не паслухалі маіх прароцтваў», — кажа Ганна.

Са словаў беларускі, цяпер ейнае кола камунікацыі значна звузілася. Яна стараецца не гаварыць іншым людзям пра тое, што сям’я выехала за мяжу, не абмяркоўваць гэта пры нагодзе.

«Са многімі знаёмымі і нават роднымі поўнае непаразуменьне. Сярод тых паплечнікаў, якія засталіся, вядома, узмацнілася сяброўства», — прызнаецца суразмоўца.

Калі выехалі сваякі, Ганна ўспомніла, як рэпрэсавалі пакаленьне ейных дзядоў. Іх саслалі ў лягеры, бабуля захварэла і памерла. Тады дом продкаў таксама застаўся пусты.

«Я плакала адна ў пустым доме пасьля іхнага ад’езду», — параўноўвае пэнсіянэрка сучаснасьць зь мінуўшчынай.

Яна дадае, што іхнае жытло ў Беларусі цяпер апынулася ва ўразьлівым становішчы, «калі зыходзіць зь цяперашняга беззаконьня».

«Я баюся. Пастаянна. Але пераконваю сябе, што як будзе, так будзе. Я стамілася баяцца. Спадзяюся на лепшае і на хутчэйшае», — падсумоўвае яна.

«Захочуць прыйсьці — прыйдуць»

Арцём малады чалавек. Ён застаўся ў Беларусі, калі большая частка ягонай сям’і выехала з краіны праз высокую рызыку трапіць за краты, імі цікавіліся сілавікі. Арцём кажа, што ягонае жыцьцё ня моцна памянялася пасьля эміграцыі блізкіх.

«Жывём, працуем», — коратка адказвае суразмоўца.

Цяпер адказнасьцю Арцёма стаў догляд пажылых сваякоў. Ён ня надта перажывае за тое, што рэжым Лукашэнкі можа помсьціць яму за нязручных сыстэме родных, якія выехалі. За час іхнай адсутнасьці сілавікі яго зусім не турбавалі, не прыходзілі зь ператрусам ці з прафіляктычнай гутаркай.

«Зараз пра гэта надта ня думаю. Захочуць прыйсьці, то прыйдуць. Бясконцыя разважаньні пра гэта проста не дадуць нармальна жыць цяпер», — перакананы ён.

Апошні год мужчына робіць сабе «інфармацыйны дэтокс», бо цяжка было далей існаваць празь беларускія падзеі пасьля 2020 году і вялікую вайну ва Ўкраіне.

«Гэты бясконцы скролінг думак, вядома, не дапамагае. Таму цяпер у цэлым усё нармальна», — кажа Арцём.

Суразмоўца дадае, што стаўленьне сяброў, знаёмых, суседзяў да яго і іхнай сям’і не зьмянілася.

«Заўсёды пытаюць, як яны маюцца», — кажа Арцём.

Ён сам таксама не памяняў стаўленьне да сваіх перасьледаваных сваякоў.

«Я ведаю, што яны добрыя людзі, ніколі нікому нічога кепскага не рабілі», — кажа ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я пайшла на сайт і пазнала сваю лядоўню». Як арыштоўваюць маёмасьць беларусаў пасьля 2020 году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кожны чацьвёрты. Як беларуская ўлада зьнішчае інстытут адвакатаў