Колькасьць адвакатаў у Беларусі з 2020-га скарацілася на чвэрць. Больш за сотню зь іх пазбавілі ліцэнзій і права на прафэсію. Адвакатаў саджаюць у турмы на 6–10 гадоў і запалохваюць.
Сьцісла
- Якой была беларуская адвакатура да 2020 году
- Масавыя арышты і пазбаўленьні ліцэнзій
- Размова з былой і дзейнай адвакаткамі
- Адвакаты-палітвязьні
- «У ачарненьні ўсіх адвакатаў я не хачу ўдзельнічаць».
Права на юрыдычную дапамогу, абарону правоў і свабод, права карыстацца дапамогай адвакатаў замацаванае артыкулам 62 Канстытуцыі. Беларуская адвакатура як інстытут зьявілася ў 1922 годзе. У незалежнай Рэспубліцы Беларусь закон «Аб адвакатуры» быў прыняты ў 1993-м.
У 2011 годзе прынялі новы закон «Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасьці», у краіне зьявіліся прыватныя адвакацкія бюро і індывідуальная практыка. Паводле Міністэрства юстыцыі, на 1 ліпеня 2020 году ў Беларусі працавалі 2072 адвакаты, зь іх 761 (больш за траціну ад агульнай колькасьці) незалежна: альбо ў прыватных адвакацкіх бюро, альбо індывідуальна.
За апошнія 4 гады колькасьць адвакатаў у Беларусі зьменшылася на чвэрць. На 1 студзеня 2024 годзе ў Рэспубліцы Беларусь афіцыйна працавалі 1602 адвакаты (усе ў складзе 177 юрыдычных кансультацый). Прыватных адвакацкіх бюро, незалежных адвакатаў у краіне больш няма.
21 красавіка 2022 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «адвакатура павінна знаходзіцца пад кантролем» і «дзейнічаць паводле закону, а не паводле нейкіх прыдуманых нормаў — свабоды слова і іншых свабод».
Першыя «наезды»
З 1991-га Рэспубліканскую калегію адвакатаў на працягу 20 гадоў узначальвала Натальля Андрэйчык.
У 2011 годзе на адвакатаў, якія абаранялі кандыдатаў у прэзыдэнты і ўдзельнікаў Плошчы-2010 пачалі ціснуць. Яны выступілі ў СМІ з заявамі, што КДБ парушае права іх кліентаў на абарону, не дапускае абаронцаў у СІЗА КДБ. Міністэрства юстыцыі заявіла, што гэтыя выказваньні некарэктныя. І загадала, каб Менская гарадзкая калегія прыцягнула да адказнасьці тых, хто выказваўся адкрыта. Аднак прэзыдыюм калегіі тады не падпарадкаваўся Мін’юсту. Міністэрства юстыцыі па прадпісаньні КДБ правяло паседжаньні кваліфікацыйнай камісіі і пазбавіла ліцэнзій Тамару Сідарэнку, Уладзімера Букштынава, Алега і Тацяну Агеевых, Паўла Сапелку, Уладзімера Тоўсьціка, Тамару Гараеву.
Пасьля гэтага Натальлю Андрэйчык замянілі на Віктара Чайчыца, які ачольваў БРКА наступныя 11 гадоў.
Ліквідацыя прыватнай практыкі
Віктар Чайчыц пачынаў працоўны шлях з электрамантажніка. Пасьля юрфаку БДУ працаваў стажорам баранавіцкага і заслаўскага судоў, у міністэрстве, адвакатуры. З 2011-га да 2022 году – старшыня БРКА. Калегі апавядалі, што ў ягоным кабінэце быў расейскі трыкалёр і супольнае фота з Лукашэнкам.
Пры Чайчыцу першым ударам па адвакатуры стала справа "Белага легіёну". Яе фігурантаў абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Справа рассыпалася, але адвакаты, якія абаранялі абвінавачаных, сутыкнуліся з ціскам – міністэрства запатрабавала ад іх прайсьці пазачарговую атэстацыю. Ахвярай стала адвакатка Ганна Бахціна, якая абараняла Міраслава Лазоўскага. Раней Бахціна была адвакаткай у справах Ірыны Халіп, Эніры Браніцкай, Ільлі Валавіка, Эдуарда Пальчыса. Кваліфікацыйная камісія вырашыла, што абаронца з 30-гадовым стажам ня мае адпаведнага досьведу.
Віктар Чайчыц на гэта адказваў, маўляў, такое сапраўды бывае, што нават спрактыкаваныя юрысты ня ведаюць усіх законаў.
Сам Чайчыц адвакацкай дзейнасьцю амаль не займаўся. Але вядома, што ў 2015 годзе ён абараняў IT-бізнэсоўцу Віктара Пракапеню. Да Чайчыца тады зьвярнуліся не таму, што ён добры адвакат, а таму, што меў патрэбныя сувязі, казалі ягоныя калегі.
Паводле СК, Пракапеня атрымаў незаконны даход у сфэры продажу IT-тэхналёгій у памеры 650 тысяч даляраў. Ён правёў у СІЗА 9 месяцаў, аднак крымінальную справу закрылі, пасьля чаго Пракапеня пераехаў у Лёндан.
У 2016 годзе Віктар Чайчыц стаў сэнатарам Савета Рэспублікі і працягваў ачольваць БРКА.
Аднак масавых затрыманьняў адвакатаў за «хуліганку», непадпарадкаваньне, выпадкаў нядопуску да падабаронных да 2020 году амаль не было.
Усё пачалося з затрыманьняў палітыкаў і актывістаў на пачатку лета 2020 года — да іх адвакатаў не дапускалі. У ліпені 101 адвакат падпісаў зварот на імя Чайчыца. Там гаварылася, што ў Беларусі парушаецца права на абарону, яны ня могуць трапіць да кліентаў. Тады старшыня БРКА нібыта зьвяртаўся для вырашэньня праблемы ў КДБ, Генпракуратуру, СК, ГУУС. Аднак нядопуск адвакатаў патлумачылі каранавірусам.
Сам жа Віктар Чайчыц запатрабаваў ад адвакатаў «выконваць субардынацыю», «ня лезьці ў палітыку» і нават папярэдзіў іх, заявіўшы, што «магчыма, некаторыя юрысты ня хочуць працягваць сваю практыку». Сваіх калег старшыня БРКА не абараніў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня калегіі адвакатаў Чайчыц заклікаў калегаў «ня лезьці ў палітыку»Пры Чайчыцу ў траўні 2021 года былі прынятыя папраўкі ў Закон аб адвакатуры. Зьмены ў заканадаўства рыхтаваліся ўпотай ад адвакацкай супольнасьці, яны фактычна пазбаўлялі адвакатуру рэшткаў незалежнасьці. За заўвагі, крытыку праекту многія адвакаты атрымалі дысцыплінарныя спагнаньні. Тыя зьмены істотна пашырылі паўнамоцтвы Мін’юста ў кіраваньні інстытутам адвакатуры, міністэрству дазвалялася неабгрунтавана ўмешвацца ў адвакацкую дзейнасьць. Прыватныя адвакацкія канторы закрылі, няўгодных адвакатаў зь лёгкасьцю пазбаўлялі ліцэнзій.
«Нэгатыўны ўплыў»
14 лютага 2022 году Чайчыца на пасадзе старшыні БРКА зьмяніў Аляксей Швакаў, які працаваў старшынём Менскай абласной калегіі адвакатаў. Сам Чайчыц застаўся сэнатарам.
Швакаў — выхадзец з пракуратуры, але перайшоў на другі бок, у адвакатуру. У жніўні 2020 года ён быў каля ізалятара на Акрэсьціна, падтрымаў калег, якія кансультавалі пацярпелых, але раіў дзейнічаць асьцярожна, не прыцягваць да сябе ўвагі.
У сакавіку 2021 года ў сеціве зьявіўся аўдыёзапіс канфэрэнцыі БРКА, дзе Швакаў ганіць адвакатаў, забараняе ім выказвацца ў СМІ і сацсетках.
Пазьней у сеціва трапіў аўдыёзапіс паседжаньня МГКА 9 лютага 2021-га. На ім Швакаў упікаў Дзьмітрыя Лаеўскага, адваката Віктара Бабарыкі, за публічныя выказваньні.
«Так, усё, Дзьмітры, на жаль, адвакат абмежаваны настолькі, што нават я думаю, што любы грамадзянін нашмат больш свабодны. А ў нас, на жаль ці на шчасьце, ёсьць абмежаваньні», — тлумачыў Швакаў Лаеўскаму.
Неўзабаве пасьля выбраньня на новую пасаду Швакаў заявіў, што адвакаты, якіх пазбавілі ліцэнзіі пасьля 2020 году, паводзілі сябе непрафэсійна. У інтэрвію газэце «СБ. Беларусь сегодня» ён абрынуўся з крытыкай на былых калег: «Паддаліся нэгатыўнаму ўплыву, які актыўна распаўсюджваўся тады з дапамогай розных інтэрнэт-крыніц, телеграм-каналаў, і некаторыя адвакаты. Скарыстаўшыся публічнасьцю, павялі сябе непрафэсійна і заняліся палітыканствам і некаторыя адвакаты. Больш за тое, некаторыя палічылі, што маюць права выступаць ад імя ўсёй адвакацкай супольнасьці, дыскрэдытуючы ўвесь інстытут адвакатуры», — казаў Аляксей Швакаў.
7 ліпеня 2022 году ў звароце да ўдзельнікаў зьезду адвакатаў Беларусі старшыня БРКА заявіў: «Абавязак адваката — гэта абарона інтарэсаў дзяржавы».
Менавіта пры Швакаву ўзмацніўся крымінальны перасьлед абаронцаў. Сёньня за кратамі адбываюць пакараньні ад 6 да 10 гадоў як мінімум 6 адвакатаў. У прыватных размовах людзі, знаёмыя з сытуацыяй, называюць значна большыя лічбы.
«Пазбавілі ліцэнзіі — і дзякуй Богу»
24 верасьня 2020 году адвакатку Марыі Калесьнікавай Людмілу Казак затрымалі на вуліцы, калі яна ехала на сустрэчу з падабаронным. Жанчыну сілай запхнулі ў машыну і павезьлі ў ІЧУ на Акрэсьціна, дзе Казак даведалася, што 30 жніўня нібыта ўдзельнічала ў несанкцыянаванай акцыі на праспэкце Пераможцаў. У выніку Людмілу Казак пазбавілі ліцэнзіі.
З восені 2020 года адвакатаў, якія баранілі вядомых палітзьняволеных (Віктара Бабарыку, Марыю Калесьнікаву ды іншых) пачалі масава караць дысцыплінарными спагнаньнямі і выклікаць на пазачарговую атэстацыю. У складзе кваліфікацыйнай камісіі 21 чалавек, прычым адвакатаў там толькі 8. Астатнія 13 – прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі. Сьледчага камітэта, Адміністрацыі прэзыдэнта, МУС.
31 траўня 2021 года Андрэя Мачалава выключылі з калегіі адвакатаў за паведамленьне ў СМІ аб прымяненьні катаваньняў да яго падабароннай Вольгі Залатар. Аб паседжэньні калегіі і выніках Мачалаву не паведамілі. Адвакат даведаўся аб пазбаўленьні ліцэнзіі 18 чэрвеня ў судзе, дзе ён павінен быў абараняць кліентку, якая адмовілася здаваць кватэру супрацоўніцы пракуратуры Заводзкага раёну Аліне Касьянчык. Пазьней Мачалава асудзілі на 2 гады «хіміі».
Адваката Віктара Бабарыкі Дзьмітрыя Лаеўскага пазбавілі ліцэнзіі 9 ліпеня 2021 году падчас судовага працэсу. Асноўная нагода – выступ 22–23 чэрвеня 2021 года ў спрэчках у абарону Бабарыкі, у якіх Лаеўскі, паводле дысцыплінарнай камісіі, «публічна даў ацэнку выступам і прававым пазыцыям абаронцаў іншых абвінавачаных у крымінальным працэсе».
За выказваньні падчас судовых спрэчак у працэсе ў справе Віктара Бабарыкі быў выключаны з МГКА другі ягоны абаронца, адвакат Яўген Пыльчанка. Яму таксама ставілася ў віну «публічная ацэнка выступаў і прававых пазыцый абаронцаў іншых абвінавачаных у крымінальным працэсе».
Адну з самых аўтарытэтных адвакатак Натальлю Мацкевіч, якая бараніла палітзьняволеных Віктара Бабарыку, Сяргея Ціханоўскага, Марфу Рабкову, Мікалая Дзядка, выключылі з калегіі адвакатаў за тое, што яна нібыта перабіла сьледчага на допыце, калі ён зачытваў правы і абавязкі, а таксама перамовілася зь іншым адвакатам падчас вочнай стаўкі.
У красавіку 2022 году Марыю Колесаву-Гудзіліну, якая мае акадэмічную ступень PhD, выкладала ў Гарвардзе і Белдзяржунівэрсытэце, прызналі «недастаткова кваліфікаванай» для выкананьня прафэсійных абавязкаў.
Такіх выпадкаў — дзясяткі, яны зафіксаваныя ў дакумэнце «Крызіс беларускай адвакатуры: як вярнуць права на абарону». Аляксандар і Яўген Пыльчанкі, Сяргей Зікрацкі, Міхаіл Кірылюк, Антон Гашынскі, Яўген Маслаў, Вольга Карпушонак, Лізавета Мацьвеева і іншыя…
«Палітычныя» без адвакатаў
Пасьля жніўня 2020 году абаронцаў, якія працавалі з «палітычнымі», супрацоўнікі сьледчых органаў прымушалі даваць падпіскі аб невыдаваньні. Суды адбываліся ў закрытых працэсах. Родныя зьняволеных расказваюць, што знайсьці адваката для чалавека, якога затрымалі паводле палітычнага артыкулу, у Беларусі цяпер амаль нерэальна.
Былая адвакатка пагадзілася пагаварыць са Свабодай на ўмовах ананімнасьці. Яе пазбавілі ліцэнзіі, зараз жанчына працуе ў міжнароднай праваабарончай арганізацыі, але ўсё адно непакоіцца пра ўласную бясьпеку.
«Ёсьць такое паняцьце: „ахаладжальны эфэкт“ для тых, хто застаўся. Што тычыцца Максіма Знака, тут зразумела, быў палітычны складнік. А што тычыцца Брагінца, Данілевіча, іх асудзілі менавіта за актыўнасьць у якасьці адваката. Каб на астатніх гэты „ахаладжальны эфэкт“ распаўсюдзіўся: ня брацца за палітычныя справы^; калі ўзяліся, нідзе не камэнтаваць, а пажадана наагул адмаўляцца ад вядзеньня такіх спраў.
Калі затрымалі Максіма Знака і Ільлю Салея, былі розныя звароты, пэтыцыі, відэа ў падтрымку адвакатаў, а цяпер усё зьнішчаецца, людзі перасталі выказвацца, бо публічная падтрымка прывядзе да таго, што ты будзеш наступны, і ты заганяеш сябе ў рамкі. Раней самым страшным пакараньнем было пазбаўленьне ліцэнзіі, выключэньне з калегіі. І калі ты яшчэ перажываў, што застаўся без прафэсіі (а я нікім іншым, акрамя адваката, ніколі не працавала), то цяпер думаеш: якое шчасьце — у параўнаньні з калегамі, якім далі па 8-10 гадоў». Пазбавілі ліцэнзіі — і дзякуй Богу. Добра, што не пасадзілі«, — кажа былая адвакатка.
Другая адвакатка, якая па-ранейшаму працуе па прафэсіі ў Беларусі, на ўмовах ананімнасьці расказала аб прыгнечанай атмасфэры, што пануе цяпер у адвакацкіх бюро:
«Працаваць стала немагчыма. Адразу бяруць падпіску аб невыдаваньні. Судовыя працэсы спрэс закрытыя. У мяне пачалася ледзьве не параноя: здавалася, што ўсе мае размовы па тэлефоне і ў мэсэнджарах слухаюць, перапіску чытаюць.
Прабачце, я не магу дазволіць сабе застацца без працы альбо сесьці ў турму. Не магу пакінуць краіну — у мяне пажылыя бацькі, ёсьць дзеці. Атмасфэра на працы вельмі цяжкая, мы баімся размаўляць паміж сабой. Публічна ніколі не выказваемся. Раней адвакаты раіліся аб справах, якія вядуць, штосьці абмяркоўвалі, размаўлялі. Цяпер выходзім на ганак перамовіцца парай слоў без тэлефонаў і шэптам. Усе прыгнечаныя. А яшчэ і грызе сумленьне, што сутнасьць маёй прафэсіі — абараняць людзей, а я ім адмаўляю. І „самаедзтва“», — прызнаецца адвакатка.
Да 10 гадоў турмы
«Рэкардсмэн» у тэрміне за кратамі — вядомы адвакат Максім Знак, які абараняў Марыю Калесьнікаву і ўдзельнічаў у працы штаба Віктара Бабарыкі. Знака затрымалі 9 верасьня 2020 году. Суд пакараў юрыста 10 гадам калёніі, яго абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу ўлады», «стварэньні ці ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаваньні». Максім Знак адбывае пакараньне ў «Віцьбе-3». Зь лютага 2023 году ён знаходзіцца ў рэжыме «інкамунікада».
У лютым 2023 года адвакат Віталь Брагінец (абараняў Андрэя Мачалава, Алеся Бяляцкага) быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Затрымалі яго ва ўласным доме нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі, арыштавалі на 15 дзён, завялі крымінальную справу. Асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
У красавіку 2023 году адваката, кандыдата юрыдычных навук, выкладчыка факультэту міжнародных адносінаў БДУ Аляксандра Данілевіча асудзілі на 10 гадоў. Яго абвінавацілі «ў дапамаганьні ў закліках да санкцый» (ч. 3 арт. 361) спартоўцам Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну, якіх завочна асудзілі на 12 гадоў калёніі, і «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4).
У траўні 2023 году адвакатцы Анастасіі Лазарэнцы, якая ў жніўні 2020-га кансультавала пацярпелых каля ізалятара на Акрэсьціна, прысудзілі 6 гадоў калёніі паводле трох артыкулаў.
У ліпені 2023 горадзенскую адвакатку Юлію Юргелевіч асудзілі на 6 гадоў. На суд яе прывялі ў робе з надпісам «Карцар», Юлія казала, што яе трымаюць у «быдлячых умовах». Адвакатка нібыта паведаміла падабароннаму журналісту Паўлу Мажэйку пра пазбаўленьне яе ліцэнзіі, расказала пра суд над Алесем Пушкіным і яго тэрмін, а Павал перадаў гэтыя зьвесткі «нявызначаным асобам для публікацыі на тэлеканале «Белсат».
Пэрыядычна сілавікі робяць «аблавы» на адвакатаў. 20 сакавіка 2023 года затрымалі шасьцярых абаронцаў, якія працавалі з палітзьняволенымі. Адваката Арцём Сям’янава, які абараняў Ігара Лосіка, Паўла Белавуса, Валянціна Стэфановіча, 30 дзён пратрымалі на Акрэсьціна.
28 лютага 2024 году сілавікі затрымалі прынамсі 12 адвакатаў, якія дапамагалі палітзьняволеным. Праваабаронцы ня ведаюць, колькі зь іх застаюцца за кратамі.
«Грамадзтва павінна абараніць адвакатуру»
Экспэрт праекту «Права на абарону» Максім Палавінка перакананы, што беларускую адвакатуру ператварылі ў выканаўцу дзяржаўнай палітыкі. Калі ў нармальнай сытуацыі адвакат працуе ў сфэры абароны правоў кліента, то цяпер яго прымушаюць быць выканаўцам дзяржаўных наратываў.
«Мінітэрства юстыцыі зрабіла з адвакатаў філію прапаганды, валянтэраў, якія і на суботнік сходзяць, і патрэбны „парадак дня“ прасунуць. Тым самым адвакаты адпрацоўваюць „хлебную картку“ — ліцэнзію. У школах яны расказваюць не аб правах чалавека і іх абароне, а палохаюць адказнасьцю. Для абвінавачаньняў і папярэджаньняў ёсьць пракурор, навошта гэту ролю выконваць адвакатам, незразумела», — кажа спадар Палавінка.
Экспэрт падкрэсьлівае, што ў выніку маштабнага ціску, зьмяненьняў у заканадаўстве калегіі адвакатаў канчаткова страцілі рэшткі самастойнасьці і цалкам падпарадкаваліся Міністэрству юстыцыі.
«Але ў ачарненьні ўсіх адвакатаў я не хачу ўдзельнічаць. Вось хтосьці кажа, што адвакат — „дарагі паштальён у СІЗА“. А мне хочацца падтрымаць адвакатаў, якія застаюцца апошняй апорай для чалавека за кратамі нават ў цяперашніх цяжкіх умовах.
Сярод іх, мабыць, ёсьць і нягоднікі, хабарнікі. Але яны не нясуць паасобку адказнасьць за тое, якімі яны сталі. Патрабававаць ад іх з боку грамадзтва, каб яны пайшлі і ляглі на амбразуру, нельга. Грамадзтва павінна абараніць адвакатуру. Калі грамадзтва дазваляе такую сытуацыю, што ад адваката нічога не залежыць, то гэта не праблема адной адвакатуры. Адвакатура не для сябе працуе, а для кліентаў», — разважае Максім Палавінка.