Зяленскі звольніў Залужнага з войска і прызначыў амбасадарам у Брытаніі

Уладзімір Зяленскі (зьлева) і Валеры Залужны, 8 лютага 2024

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі звольніў былога камандуючага Ўзброенымі сіламі Ўкраіны генэрала Валерыя Залужнага з вайсковай службы і іншым указам прызначыў яго надзвычайным і паўнамоцным амбасадарам у Вялікай Брытаніі.

Дакумэнты пра гэта, датаваныя 8 і 9 траўня, разьмешчаныя на сайце прэзыдэнта Украіны.

Ва ўказе аб звальненьні з вайсковай службы гаворыцца, што Залужны звольнены па стане здароўя. Раней паведамлялася, што вэрдыкт пра непрыдатнасьць да вайсковай службы вынесла вайскова-мэдычная камісія, у сувязі з чым — невядома.

Валерый Залужны ўзначальваў УСУ да пачатку лютага гэтага году, калі рашэньнем прэзыдэнта Зяленскага яго зьмяніў генэрал Аляксандар Сырскі. З імем Залужнага зьвязвалі посьпехі Ўкраіны ў адбіцьці расейскай агрэсіі і ў контарнаступе ўвосень 2022 году. У апытаньнях грамадзкай думкі рэспандэнты ва Ўкраіне казалі пра свой высокі давер да Залужнага, рэйтынг якога ў нейкі момант перавысіў рэйтынг Зяленскага. Сам генэрал, аднак, не казаў пра нейкія палітычныя амбіцыі.

У канцы 2023 — пачатку 2024 году ва ўкраінскіх СМІ пачалі зьяўляцца паведамленьні пра разыходжаньні і нават канфлікт паміж Залужным і Офісам прэзыдэнта Ўкраіны — на фоне спробы летняга наступу ўкраінскага войска, які не апраўдаў чаканьняў. Першае паведамленьне пра ягоную адстаўку зьявілася ў канцы студзеня — тады яно не пацьвердзілася, аднак праз тыдзень Залужнага, як і шэраг яго падначаленых, усё ж зьнялі з пасады. Ён публічна не камэнтаваў сваю адстаўку. Пасьля адстаўкі Зяленскі прысвоіў Залужнаму званьне героя Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Сахашчык пра пагрозу нападу на Літву і кампраміс зь «ябацькамі»

У сакавіку Міністэрства замежных справаў Украіны паведаміла, што Залужны будзе прызначаны амбасадарам Украіны ў Вялікай Брытаніі. Указ аб яго прызначэньні, аднак, падпісаны толькі цяпер. Пакуль не было паведамленьняў пра тое, што брытанскія ўлады выдалі агрэман, то бок згоду прыняць яго ў якасьці амбасадара.

Залужны доўгі час захоўваў маўчаньне ў сацыяльных сетках і не даваў інтэрвію. Некалькі дзён таму стала вядома, што ўлады Кіева прысвоілі яму званьне ганаровага грамадзяніна гораду. Было апублікавана фота Залужнага з мэрам Кіева Віталём Клічко.