Жыцьцё пад чужой уладай. Што хавае за сабой культ Вялікай Перамогі

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Акцыя «Несьмяротны полк» у Віцебску, 9 траўня 2019 году

Вялікую Перамогу над фашызмам у Вялікай Айчыннай Пуцін прыстасоўвае на патрэбы вайны ўва Ўкраіне. У «несьмяротных палках» зьяўляюцца партрэты расейцаў, якія загінулі ў Бахмуце і Аўдзееўцы. Лукашэнка яшчэ выступае на падтанцоўках. Але пры чым тут Беларусь?

Сьцісла:

  • Сталін запусьціў культ Вялікай Перамогі расейскага народу над фашызмам і адсунуў убок усе астатнія народы тагачаснага СССР.
  • Ці ўспрымалі беларусы расейскую/савецкую ўладу як сваю.
  • Ці аб’ядноўваў беларусаў і расейцаў падчас вайны агульны лёс.

24 траўня 1945 году на прыёме ў Крамлі Сталін сказаў тост:

«Я п’ю, перш за ўсё, за здароўе расейскага народу, таму што ён зьяўляецца найбольш выдатнай нацыяй з усіх нацый, якія ўваходзяць у склад Савецкага Саюзу.

Я падымаю тост за здароўе расейскага народу таму, што ён заслужыў у гэтай вайне агульнае прызнаньне як кіроўнай сілы Савецкага Саюзу сярод усіх народаў нашай краіны.

Я падымаю тост за здароўе расейскага народу ня толькі таму, што ён — кіроўны народ, але і таму, што ў яго маецца ясны розум, стойкі характар і цярпеньне.

У нашага ўраду было нямала памылак, былі ў нас моманты адчайнага становішча ў 1941-1942 гадах, калі наша армія адступала, пакідала родныя нам сёлы і гарады Ўкраіны, Беларусі, Малдавіі, Ленінградзкай вобласьці, Прыбалтыкі, Карэла-Фінскай рэспублікі, бо не было іншага выйсьця. Іншы народ мог бы сказаць ураду: вы не апраўдалі нашых чаканьняў, ідзіце прэч, мы паставім іншы ўрад, які заключыць мір зь Нямеччынай і забясьпечыць нам спакой. Але расейскі народ не пайшоў на гэта, бо ён верыў у правільнасьць палітыкі свайго ўраду і пайшоў на ахвяры, каб забясьпечыць разгром Нямеччыны. І гэты давер расейскага народу савецкаму ўраду аказаўся той вырашальнай сілай, якая забясьпечыла гістарычную перамогу над ворагам чалавецтва, — над фашызмам.

Дзякуй яму, расейскаму народу, за гэты давер!

За здароўе расейскага народу! (Бурныя воплескі, якія доўга не змаўкаюць)».

Такім чынам быў дадзены старт культу Вялікай Перамогі расейскага народу над фашызмам. З гэтага моманту перастала існаваць гісторыя як сукупнасьць аб’ектыўных фактаў, яе замяніла ўласьцівая для таталітарнай улады мілітарысцкая рыторыка пра ўсюдыісных ворагаў, што ўрэшце прывядзе да «русского мира», які насамрэч (чыста паводле Джорджа Орўэла) ня мір, а СВА. Народам Сталін раздаў ролі: ёсьць расейцы, народ-пераможца, і «ўсе астатнія». Як у той «Папялушцы», дзе злая мачаха вызначыла на ролю нявесты сваіх дачок, а падчарку сьпісала з рахункаў. Толькі ў нас атрымалася зусім ня казка. І без шчасьлівага канца.

Беларусы і «ўсе астатнія» ў сталінскай маніпуляцыі былі збоку прыпёку і быццам прымазваліся да Вялікай Перамогі ў той ступені, у якой былі змушаныя да русыфікацыі. Чаго, натуральна, не маглі сказаць пра сябе балтыйскія народы або, скажам, палякі. Украінцаў папросту выгналі з гэтага «клюбу», нават калі б яны і хацелі застацца. Пры тым, што найбольш пацярпела ад той вайны якраз Украіна, а не Расея.

У сеціве вы ня знойдзеце працэнту акупаванай тэрыторыі самой Расеі, лічба хаваецца за ўсім СССР, на акупаванай тэрыторыі якога жыла траціна насельніцтва. Асноўная і пераважная тэрыторыя Расеі жыла пад сваёй уладай і нікім акупаваная не была. Гэта вызначала розьніцу ў сьвядомасьці і спадзяваньнях расейцаў і «ўсіх астатніх», у іхных лёсах. Толькі з адсутнасьці такой памяці і мог узьнікнуць заклік «можем повторить». Але гаварыць мы будзем пра Беларусь.

Нямецкая акупацыя

Жнівень 1941 году, нямецкія войскі перад Домам ураду ў Менску

Для Беларусі тая вайна — гэта найперш нямецкая акупацыя амаль у этнічных межах, улучна з заходнімі Пскоўшчынай, Смаленшчынай і Браншчынай.

У Расеі, калі глядзець тэрытарыяльна, нямецкая акупацыя была не такой значнай. Прынамсі, яна была не такой, каб застацца вызначальнай трагічнай старонкай у памяці народу. І як вынік — расейцы ў сваёй пераважнай бальшыні ня ведалі жыцьця пад немцамі, калі цэлы народ мусіў прыняць такое жыцьцё як дадзенасьць і пры тым жыць: працаваць і харчавацца, парадкаваць свой быт, нараджаць, гадаваць і вучыць дзяцей, наладжваць мэханізмы ўсяго народнага існаваньня: ствараць цывільную адміністрацыю зь мясцовых жыхароў, кантактаваць з вайсковай адміністрацыяй акупантаў. Пры будзь-якіх абставінах жыцьцё застаецца жыцьцём, а чалавек — чалавекам. Пры тым ніхто ня мог ведаць, калі і чым акупацыя скончыцца, а жыць трэба будзе і пасьля яе.

Партызанскія рухі

Архіўнае фота. Партызаны з розных баявых груповак, у тым ліку, з групоўкі Бельскага

У той страшнай вайне, што для кожнага беларуса ішла літаральна пад вокнамі, разгарнуліся масавыя партызанскія рухі. Прычым партызаны і падпольшчыкі былі розных арыентацыяў — савецкімі кіравала Масква, польскай Арміяй Краёвай — эміграцыйны польскі ўрад у Лёндане.

Беларускія фармаваньні дамагаліся ад немцаў легалізацыі, бо адзіныя спрабавалі прадстаўляць тут уласна беларускую ўладу і беларускія нацыянальныя інтарэсы, намагаліся стварыць сваю, беларускую армію ў выглядзе Беларускай краёвай абароны. Працавалі мэханізмы народнай салідарнасьці — арганізацыі самапомачы. Патрыятычным выхаваньнем займаўся Саюз беларускай моладзі. Што праўда, супраца з акупацыйнай адміністрацыяй дала потым падставу для абвінавачваньняў гэтых рухаў у калябарацыянізьме.

Больш за 9 тысяч спаленых вёсак

Хатынь, мэмарыял ахвярам нямецкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Савецкія партызаны вядуць рэйкавую вайну — падрываюць нямецкія цягнікі і аўтакалёны, рабуюць усё, да чаго дацягваюцца рукі, забіваюць настаўнікаў (па ўсёй краіне адкрытыя беларускія школы). У адказ немцы і паліцаі паляць вёскі, часта разам зь іх жыхарамі, учыняюць расстрэлы, павешаньні... Няма канца гэтаму крываваму кругазвароту па ўсёй краіне. І такога досьведу ў расейцаў амаль няма.

Галакост

Расейцы калі й бачылі яго, дык на самых заходніх ускрайках, на тых самых беларускіх этнічных тэрыторыях. У Беларусі ў кожным мястэчку, а пагатоў у гарадах, немцы зганяюць габрэяў у гета. Больш за тое, габрэяў масава вязуць з Эўропы. Пачынаецца «ліквідацыя», а папраўдзе бойня — па ўсёй краіне. Немцы скардзяцца: адных беларускіх галаварэзаў бракуе, прысылайце ўкраінскіх, літоўскіх, латыскіх... Надта вялікі аб’ём «работы».

Габрэяў зганяюць у горадзенскае гета, архіўнае фота 1943 году

Натуральнае пытаньне: чаму пра ўсё гэта сёньня амаль не гавораць і ня пішуць? Таму што ў расейскай рэчаіснасьці ўсяго гэтага не было, не засталося і ў памяці. А ў Беларусі прысланыя з Расеі кіраўнікі трымаліся расейскага наратыву вайны і таму не лічылі патрэбным пра гэта гаварыць. Усё, што адбывалася пад немцамі, падзялялі на геройскае або здрадніцкае, а ўсё, што не трапляла ў гэты падзел, наглуха засакрэчвалі. Як наглуха засакрэцілі тое, што адбывалася ў нас пасьля вайны.

Вайна пасьля вайны

Франтавікі, якія вярнуліся дадому жывымі, былі перакананыя, што рабскай калгаснай сыстэмы пасьля такой страшнай вайны проста ня можа быць. Маўляў, за тое і ваявалі, каб зажыць па-чалавечы. І калі рабская сыстэма вярнулася, многія пайшлі ў лясы. Асабліва востра вайна пасьля вайны разгарнулася ў Заходняй Беларусі. Прычым гэта была сапраўды ўсенародная вайна, «лясных братоў» падтрымліваў народ. Але... у балтыйскіх краінах, такіх самых савецкіх рэспубліках, пра пасьляваенную партызанку пісалі кнігі, здымалі фільмы, а ў Беларусі — поўнае маўчаньне: не магло такога быць у Беларусі, не павінна было быць. Але ж было.

І тут важнае пытаньне: ці ўспрымалі беларусы савецкую ўладу як сваю — так, як яе ў масе сваёй успрымалі і ўспрымаюць расейцы, якія ніякай іншай улады ніколі й ня ведалі?

Праўдзівыя сьведчаньні пра гэта мы можам знайсьці хіба што ў кароткі пэрыяд, у 1920-я, калі ва ўладу прыйшлі свае, беларускія бальшавікі, якія праводзілі палітыку хутарызацыі, беларусізацыі ды іншых рэформаў, што сапраўды адпавядала нацыянальным інтарэсам. Але надта хутка, ужо ў 1930-я, на зьмену ім прыйшлі адваротныя працэсы — калектывізацыя і русыфікацыя, з Расеі прыехалі новыя кіраўнікі і тых, ранейшых, беларускіх бальшавікоў, зьнішчылі ўсіх да аднаго. Зьнішчылі ўсю беларускую інтэлігенцыю, зьнішчылі вясковага чалавека-гаспадара...

Толькі з афіцыйных зьвестак у Беларусі перад вайной бальшавікі з палітычных матываў рэпрэсавалі (расстралялі, закатавалі, вывезьлі ў лягеры) 600 тысяч чалавек. Ці сьведчыць колькасьць ахвяраў пра тое, што народ не прыняў уладу як сваю? А з чаго б іх тады рэпрэсавалі?

Кажуць, у Расеі нярэдкія былі выпадкі, калі прызнаныя за «ворагаў народу» і пастаўленыя да сьценкі бальшавікі крычалі перад расстрэлам: «Няхай жыве Сталін!» Бо ўлада, якая б ні была, успрымалася як свая, расейская. Іншай не было і не магло быць. І тут у беларусаў зусім іншы досьвед, нават не сягаючы зрокам у вякі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто перапісвае гісторыю вайны. Тлумачым з Гурневічам

Беларусы пажылі ўжо і пад нямецкай, і пад польскай уладай у Першую сусьветную вайну, бачылі і сваю, беларускую ўладу за часамі БНР і Слуцкага збройнага чыну і той беларусізацыі 1920-х гадоў.

Словам, няцяжка сабе ўявіць, як беларусы ўспрынялі прыход чарговай нямецкай улады, гітлераўскай. Вядома, гэта была чужая ўлада, але і пра расейскіх бальшавікоў тады казалі, што Чырвоная армія кінула Беларусь немцам, ніякім чынам не абараніўшы мірнае насельніцтва ад новае акупацыі. Гэта акурат тое, пра што казаў таварыш Сталін:

Чырвоная армія аддала Беларусь пад нямецкую акупацыю, і гэта была ня толькі памылка ўраду, але і праява яснага розуму і кіроўнай ролі расейскага народу, які сам нямецкае акупацыі амаль не зазнаў.

Адно з азначэньняў нацыі кажа, што людзей аб’ядноўвае ў нацыю агульнасьць лёсу. Лёс беларусаў і лёс расейцаў у Другую сусьветную вайну ня быў цалкам агульным: наадварот, выглядае, быццам гэта былі дзьве вайны, асобныя адна ад адной. Гэтая праўда хаваецца сёньня за культам Вялікай Перамогі і носіць назву «нямецкая акупацыя», у якой беларускі лёс быў той самы, што і ўкраінскі, польскі, літоўскі, але ніяк не расейскі.

Сьвята Вялікай Перамогі, відаць, мела б сэнс, калі б беларусы ўсьведамлялі сябе расейцамі, ня мелі сваёй краіны, а толькі шэсьць абласьцей у складзе Расейскай імпэрыі — так, як гэта ўяўляў сабе Сталін і як па інэрцыі ўяўлялі наступныя правіцелі ў Менску і ў Крамлі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.