8-9 траўня, у дні сьвяткаваньня гадавіны завяршэньня Другой усясьветнай вайны, на тэрыторыі савецкіх мэмарыялаў у Нямеччыне забаранілі выкарыстоўваць расейскую і савецкую сымболіку.
Як паведаміла Deutsche Welle, абмежаваньні будуць дзейнічаць на тэрыторыях савецкіх мэмарыялаў у паркаў Трэптаў, Тыргартэн і Шонгольцэр-Гайдзе і іх навакольлі.
Выключэньні прадугледжаны толькі для вэтэранаў вайны, дыпляматаў і іншых дзяржаўных прадстаўнікоў. Абмежаваньні таксама не распаўсюджваюцца на мітынгі за межамі мэмарыялаў і прылеглых да іх тэрыторый.
У прыватнасьці, паліцыя Бэрліна забараніла расейскія сьцягі, «георгіеўскія» стужкі, уніформы, ордэны, вайсковыя і маршавыя песьні, а таксама сымбалі, якія праслаўляюць вайну Расеі супраць Украіны, у тым ліку сымбаль Z.
Амбасада Расеі ў Бэрліне заклікала гарадзкія ўлады скасаваць забарону. «Мы расцэньваем гэтую забарону як дыскрымінацыю, якая супярэчыць духу гістарычнага прымірэньня паміж народамі Расеі і Нямеччыны ў пасьляваенны час», – адзначаецца ў заяве расейскай амбасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дыктоўцы да Дня перамогі школьнікам прапанавалі пісаць цытаты з Лукашэнкі
Сёлета ўсясьветная супольнасьць адзначае 79 гадоў зь дня заканчэньня Другой усясьветнай вайны ў Эўропе. У Нямеччыне імптрэзы праводзяцца 8 траўня, ва Ўкраіне – 8 і 9 траўня, а ў Расеі і большасьці іншых краін былога СССР – 9 траўня празь розьніцу ў часе пры падпісаньні дамовы аб капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны.
Ужо трэці раз памятныя мерапрыемствы праводзяцца на тле агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны. У мінулыя два гады гэта прыводзіла да канфліктаў паміж удзельнікамі розных груп дэманстрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя цэрквы ва Ўкраіне адказалі на заяву патрыярха Кірыла пра «сьвятую вайну»