Насту Лойку пазбавілі грашовых пераводаў ад сваякоў
«Наста Лойка ў калёніі шмат працуе і працягвае прытрымлівацца вэганскай дыеты. Яе абмежавалі ў атрыманьні грашовых пераводаў, а лісты яна атрымлівае толькі ад маці», — такой інфармацыяй пра палітзьняволеную падзялілася крыніца, якая ў мэтах бясьпекі прасіла яе не называць.
12 кастрычніка 2023 году Насту Лойку ўнесьлі ў так званы «сьпіс тэрарыстаў». Магчыма, што з гэтым зьвязаная забаронена грашовых пераводаў, мяркуе крыніца Свабоды.
Паводле суразмоўцы Свабоды, станам свайго здароўя Наста Лойка не задаволеная, але «скардзіцца яна ня мае звычкі».
Таксама вядома, што Наста Лойка працягвае чытаць шмат мастацкай і гістарычнай літаратуры.
«Кажа, што збольшага ў яе ўсё нармальна: працуе на пашыве адзеньня, шмат чытае. Апошняя прачытаная кніга — „Крыжакі“ Генрыка Сянкевіча. Сказала, што кніга, у якой вядзецца пра часы Грунвальдзкай бітвы, падаравала ёй новыя веды і цікавыя вобразы, што вельмі карысна, бо інфармацыі з волі ў яе мала. Але з гэтым нічога ня зробіш, даводзіцца ёй трываць», — расказала крыніца.
Прадстаўніца міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human constanta Наста Лойка ў зьняволеньні знаходзіцца з кастрычніка 2022 году.
Насту абвінавацілі паводле 342 і 130 артыкулаў Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя альбо ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і «Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасьці»). Сваёй віны Наста Лойка не прызнала. Судзілі праваабаронцу на закрытым паседжаньні, тэрмін у 7 гадоў зьняволеньня Наста Лойка адбывае ў Гомельскай жаночай калёніі № 4. Улады занесьлі яе ў сьпісы тэрарыстаў і экстрэмістаў, а беларускія праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай.
Сёлета ў калёніі Наста Лойка адзначыла 35 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сёньня дзень народзінаў у палітзьняволеных Рабковай і Лойкі. Марфе споўнілася 29 гадоў, Насьце — 35