Ва Ўкраіне затрымалі двух палкоўнікаў, якія служылі ва Ўпраўленьні дзяржаўнай аховы (УДА) і перадавалі ў Фэдэральную службу бясьпекі (ФСБ) Расеі сакрэтную інфармацыю пра дзейнасьцьпрэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.
«Контравыведка і сьледчыя СБУ [Службы бясьпекі Ўкраіны] сарвалі пляны ФСБ Расеі па ліквідацыі прэзыдэнта Ўкраіны і іншых прадстаўнікоў вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва дзяржавы», — адзначаецца ў паведамленьні СБУ.
Рэалізаваць гэтыя пляны павінна была агентурная сетка, у склад якой уваходзілі двое затрыманых. Перад імі паставілі задачу «ўзяць кіраўніка дзяржавы ў закладнікі, а потым яго забіць».
Апроч таго, плянавалі замах на кіраўніка СБУ Васіля Малюка і кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірылу Буданава (яго плянавалі забіць перад Вялікаднем).
Паводле СБУ, спачатку плянавалі нанесьці ракетны ўдар па будынку, у якім меўся знаходзіцца Кірыла Буданаў, потым дадаткова атакаваць дронам. А пасьля гэтага ўдарыць яшчэ адной ракетай, каб «зьнішчыць сьляды выкарыстаньня дрона».
Сьцьвярджаюць, што «палкоўнік Упраўленьня дзяржаўнай аховы (УДА) асабіста прывёз у Кіеў FPV-дроны, зарады да РПГ-7, а таксама супрацьпяхотныя міны МОН-90».
«СБУ зафіксавала як паездкі палкоўніка УДА па дроны і выбухоўку ў іншы рэгіён Украіны, так і размовы патэнцыйнага выканаўцы тэракту з куратарам» з ФСБ. Служба бясьпекі Ўкраіны паэтапна задакумэнтавала злачынныя дзеяньні фігурантаў і затрымала іх», — адзначаецца ў паведамленьні.
Пра спэцыяльную апэрацыю па затрыманьні расейскіх агентаў ведала абмежаванае кола людзей, а «тэракт павінен быў стаць падарункам да інаўгурацыі Пуціна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейцы ўдарылі ракетай па Адэсе непадалёк ад месца сустрэчы Зяленскага і прэм'ера Грэцыі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС Расеі аб’явіла ў вышук прэзыдэнта Ўкраіны ЗяленскагаУ СБУ таксама назвалі прозьвішчы расейскіх куратараў — гэта супрацоўнікі 9-га упраўленьня Дэпартамэнту апэратыўнай інфармацыі 5 службы Максім Мішусьцін, Дзьмітрый Перлін і Аляксей Корнеў.
У паведамленьні адзначаецца, што Аляксей Корнеў правёў з палкоўнікам УДА на тэрыторыі суседніх эўрапейскіх дзяржаў некалькі кансьпіратыўных сустрэч, на якіх перадаваліся грошы для агентаў.
Затрыманым палкоўнікам інкрымінуюць ч. 2 артыкула 111 (дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча) і ч. 1 артыкула 14, ч. 2 артыкула 258 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (падрыхтоўка да тэрарыстычнага акту).
У іх правялі ператрусы, суд узяў іх пад варту. Падазраваным пагражае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.
У Расеі гэтую інфармацыю не камэнтуюць.
Раней украінскія ўлады паведамлялі, што з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну папярэдзілі каля 10 замахаў на Ўладзіміра Зяленскага.