Палітыка адзначылі Пулітцэраўскай прэміяй за 2024 год у намінацыі «Камэнтар». Абвяшчэньне ўсіх пераможцаў прэміі даступнае на яе афіцыйным ютуб-канале.
Пулітцэраўская прэмія — самая прэстыжная ўзнагарода ЗША ў галіне журналістыкі, літаратуры, музыкі і тэатра. Яе гісторыя вядзецца з 1917 году.
Кара-Мурза — адзін з самых вядомых расейскіх апазыцыянэраў. Ужо два гады ён знаходзіцца ў расейскай турме за крытыку пуцінскага рэжыму і вайны, разьвязаную Крамлём супраць Украіны.
У красавіку 2023 года Кара-Мурзу прысудзілі 25 гадоў калёніі строгага рэжыму паводле артыкулаў аб дзяржаўнай здрадзе, аб супрацоўніцтве зь непажаданай арганізацыяй і аб «фэйках пра расейскую армію». «Фэйкамі» расейскія суды прызнаюць паведамленьні пра вайну ва Ўкраіне, якія не супадаюць з афіцыйнай вэрсіяй Крамля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі апазыцыянэру Ўладзіміру Кара-Мурзу прысудзілі 25 гадоў зьняволеньняУладзімер Кара-Мурза не прызнаў сваёй віны на судзе, ён лічыць сваю справу палітычнай. Праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітычным вязьнем.
У палітыка, акрамя расейскага, ёсць брытанскае грамадзянства. Акрамя таго, ён мае бестэрміновы дазвол на жыхарства ў ЗША.
У красавіку Вярхоўны суд Расеі павінен быў разгледзець касацыйную скаргу на прысуд Кара-Мурзу, але адклаў разгляд скаргі на няпэўны тэрмін. Адвакатка палітыка Марыя Эйсмант паведаміла, што суд загадаў этапаваць палітыка з калёніі ў Омскай вобласьці ў Маскву, каб ён прыняў удзел у слуханьнях, не дазволіўшы яму ўдзельнічаць у паседжаньні па відэасувязі. Паводле Эйсмант, этапаваньне з Омску ў Маскву можа заняць каля трох тыдняў, умовы этапаваньня адвакатка параўнала з катаваньнем.
Неўзабаве пасьля сьмерці ў расейскай калёніі Аляксея Навальнага шэраг амэрыканскіх праваабарончых і няўрадавых арганізацый, а таксама грамадзкіх дзеячаў зьвярнуліся 22 лютага з адкрытым лістом да прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна з заклікам прыкласьці ўсе сілы, каб дабіцца вызваленьня Кара-Мурзы. У лісьце адзначаецца, што апазыцыянэр можа стаць «наступнай ахвярай Крамля», калі ЗША ня будуць рашуча і хутка дамагацца яго вызваленьня. Ліст падпісалі Freedom House, Human Rights Watch, National Endowment for Democracy і іншыя арганізацыі, а таксама шэраг вядомых асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародная супольнасьць рэзка крытыкуе прысуд расейскаму апазыцыянэру Ўладзіміру Кара-Мурзу