Ціханоўская: Расея паглынае эканоміку, вайсковую, культурную і мэдыйную прастору Беларусі

Сьвятлана Ціханоўская на пратэсьце каля амбасады Беларусі ў Вільні, 8 сакавіка 2024 году.

Рабіць адрозьненьні паміж Беларусьсю і Расеяй заклікала дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 6 траўня ў Коўне, выступаючы зь лекцыяй пра рэгіянальную стабільнасьць і бясьпеку ва Ўнівэрсытэце Вітаўта Вялікага.

Яна зноў вітала рашэньне літоўскага Сейму не ўраўноўваць нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да беларусаў і расейцаў, паколькі інакш гэта быў бы «вельмі дрэнны сыгнал» для беларускага народу, «які і так вельмі цярпіць ад рэжыму і ад Расеі».

«Але Беларусь не Расея, <...> у нас розныя сытуацыі і кантэксты, — падкрэьсліла Ціханоўская. — Ураўноўваньне беларусаў і расейцаў толькі згуляла б на руку Пуціну і Лукашэнку. Менавіта яны спрабуюць пераканаць беларусаў, што тыя такія самыя, як і расейцы, што ў Эўропе нас ніхто не чакае».

Спаслаўшыся на вынікі апытаньняў, палітык зьвярнула ўвагу, што «менш за 6% жадае аб’яднаньня Беларусі з Расеяй», патэнцыйны ўдзел беларускай арміі ў вайне на баку Расеі «падтрымлівае толькі 4%».

«Калі я чую, што дзякуючы дыктатару беларускае войска не ўзяло непасрэднага ўдзелу ў вайне, мяне гэта раздражняе, — сказала Сьвятлана Ціханоўская. — Гэта не дзякуючы яму, а дзякуючы беларусам, якія занялі актыўную антываенную пазыцыю. Дыктатар цудоўна разумее, што калі такі загад будзе аддадзены, гэта толькі настроіць людзей супраць рэжыму».

Ціханоўская адзначыла, што беларусы ня хочуць ваяваць супраць Украіны, таму што «лёсы народаў пераплеценыя». Цяпер «Беларусь і Ўкраіна сутыкаюцца з экзістэнцыйнай пагрозай, што зыходзіць ад Расеі», якая не разглядае іх «як незалежныя дзяржавы», жадае «заняволіць і калянізаваць народы» дзьвюх краін.

«Мэтады розныя: ва Ўкраіне Пуцін ваюе снарадамі і танкамі, а ў Беларусі гэта паўзучая акупацыя, — сказала Ціханоўская. — Расея паглынае нашу эканоміку, вайсковую, культурную і мэдыйную прастору. Яна зьнішчае нашу нацыянальную ідэнтычнасьць, мову і культуру».

Перамога Ўкраіны ў вайне, разьвязанай супраць яе Расеяй, адкрые акно магчымасьцяў для беларусаў, лічыць Ціханоўская, але таксама і «зьмены ў Беларусі дапамогуць Украіне перамагчы, стануць вялізным ударам для Пуціна».

«Дыктатар [у Беларусі] гэта таксама разумее. Таму ён імкнецца здушыць любое іншадумства, любую спробу супраціву, любы знак салідарнасьці», — заявіла дэмакратычная лідэрка Беларусі.

Беларусь, паводле яе, «жыве ў атмасфэры тэрору», якога беларусы «ня бачылі са сталінскіх часоў». Зьвярнуўшы ўвагу на рэгулярныя арышты, прызнаньне «экстрэмісцкімі» непажаданай рэжыму інфармацыі і арганізацый, жахлівыя ўмовы ўтрыманьня палітвязьняў, Ціханоўская сказала, што людзі, «нягледзячы на рэпрэсіі, прапаганду і страх, які паралізуе, працягваюць супраціўляцца», няхай і падпольна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская назвала тры магчымыя сцэнары пераменаў у Беларусі

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская

  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам