Чыгуначнікі Латвіі просяць не забараняць куплі дэталяў для старых цягнікоў. Іх можна знайсьці толькі ў Беларусі і Расеі

Чыгуначны вакзал Рыгі

Латвійская чыгуначная кампанія Pasažieru vilciens зьвярнулася да ўладаў дзяржавы з просьбай не забараняць ёй закупляць дэталі для цягнікоў у Расеі і Беларусі.

Зварот зьявіўся з прычыны адсутнасьці прыдатных запчастак у Эўразьвязе. Пра гэта паведамляе партал Tvnet.lv.

Цяпер у рухомым саставе Латвійскай чыгункі выкарыстоўваюцца ў асноўным дызэль-цягнікі і электрацягнікі савецкай вытворчасьці, нізкападлогавыя электрацягнікі «Шкода 16Эв» і манэўравыя цеплавозы.

У Саэйме Латвіі зараз абмяркоўваюцца папраўкі да закону аб закупках, якія патрабуюць гарантыі адсутнасьці паставак тавараў і паслуг з Расеі і Беларусі. Чыгуначнікі асьцерагаюцца, што абмежаваньні могуць прывесьці да праблем у забесьпячэньні бесьперабойнага руху.

Прадстаўнік Pasažieru vilciens удакладняе, што без выключэньняў у законе аб закупках, запасныя часткі ў іх вычарпаюцца ўжо гэтай вясной. І тады давядзецца скарачаць рухомы састаў і маршруты па Латвіі.

Пры гэтым перавозьнік запэўнівае, што шукае альтэрнатыўныя рашэньні, але многія дэталі немагчыма замяніць на вырабленыя ў ЭЗ аналягі, бо тыя не адпавядаюць праектам старых цягнікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латвія пачала ствараць на мяжы зь Беларусьсю абарончыя лініі. Пакуль бязь мінаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Латвіі вырашылі паступова адмовіцца ад вывучэньня расейскай мовы ў школах