У 111 раёнах Беларусі абмежавалі наведваньне лясоў празь небясьпеку пажараў

Лясныя пажары на Гомельшчыне. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Забарона на наведваньне лясоў уведзеная ў чатырох раёнах Берасьцейскай вобласьці — Берасьцейскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім і Маларыцкім. Пра гэта сьведчаць актуальныя дадзеныя інтэрактыўнай мапы на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.

Лясы ў гэтых раёнах забаронена наведваць з 5 траўня, ім прысвоена 4-я кляса пажарнай небясьпекі («высокая пажарная небясьпека»).

Усяго клясаў небясьпекі пяць, самая высокая 5-я сьведчыць аб «надзвычайнай» пагрозе ўзгараньня.

У 111 раёнах наведваньне лясоў абмежаванае.

Няма абмежаваньняў на наведваньне лясоў у Акцябрскім раёне Гомельскай вобласьці, Бярэзінскім — Менскай, Шклоўскім — Магілёўскай.

4 траўня Мінлясгас паведаміў аб ліквідацыі пяці ўзгараньняў у Магілёўскай і Горадзенскай абласьцях на агульнай плошчы 1,5 га.

Увядзеньне адпаведных абмежаваньняў — адказнасьць райвыканкамаў. У кожным раёне прымяняюцца свае захады абмежавальнага характару (час наведваньня, уезд на транспарце, асобныя ўчасткі ляснога фонду).

Пры абмежаваньні (жоўты ўзровень) дазваляецца наведваньне лясоў, але не на аўтатранспарце і без запальваньня агню. Пры забароне (чырвоны ўзровень) лес наведваць нельга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хвалі сьпёкі ў Эўропе робяцца ўсё часьцейшымі. Навукоўцы называюць некалькі прычынаў