МУС Беларусі на Вялікдзень анансавала ўзмоцнены кантроль і прапускны рэжым у месцах масавага збору

Ілюстрацыйнае фота

Праваслаўныя вернікі Беларусі 5 траўня будуць адзначаць Вялікдзень. Міністэрства ўнутраных спраў анансавала дадатковыя меры для «гарантаваньня бясьпекі грамадзян»: узмоцнены кантроль і прапускны рэжым у месцах вялікай колькасьці людзей.

Напярэдадні начных богаслужэньняў і сьвяточных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Вялікадня, МУС прыняла дадатковыя меры, каб гарантаваць бясьпеку грамадзян: будзе ўзмоцнены кантроль каля храмаў, а таксама на аб’ектах транспарту. У месцах вялікай колькасьці людзей заплянавалі арганізацыю прапускнога рэжыму «з выкарыстаньнем тэхнічных сродкаў», паведамляе прэс-служба МУС.

Ва ўзмоцненым рэжыме будзе працаваць і ДАІ. У ведамстве сьцьвярджаюць, што інспэктары ДАІ будуць найперш сачыць за «забесьпячэньнем камфортных умоваў паркоўкі» і выключэньнем затораў, для чаго распрацавалі маршруты абʼездаў.

МУС нагадвае беларусам пра абавязак «выконваць устаноўлены парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў» і не парушаць заканадаўства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка запатрабаваў узброіць патрулі міліцыі стралковай зброяй