«Беларусбанку» кампэнсуюць страты ад выдзяленьня экспартнага крэдыту Беларускаму мэталюргічнаму заводу ў Жлобіне (БМЗ), вынікае з пастановы Савету міністраў № 330. Дакумэнт апублікавалі 4 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна зь ім, экспартны крэдыт даецца БМЗ у 2024-2027 гадах у выглядзе аднаўляльнай крэдытнай лініі зь лімітавымі памерам запазычанасьці ў 1,8 млрд расейскіх рублёў (каля 558 млн даляраў) пад стаўку ў памеры 2/3 ключавой стаўкі Цэнтрабанку Расеі (цяпер 16%) з улікам яе зьмяненьня. Грошы прызначаныя для вытворчасьці тавараў і іх продажу арганізацыям — нерэзыдэнтам Беларусі.
У канцы сакавіка 2023 году ўрад Беларусі пастанавіў па такой жа схеме кампэнсаваць «Белаграпрамбанку» страты ад выдзяленьня крэдыту БМЗ (2,65 млрд расейскіх рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На БМЗ заявілі, што санкцыі не прынесьлі «істотнай шкоды». Аднак пастаўкі ў Эўразьвяз упалі- Доўгатэрміновыя даўгі Беларускага мэталюргічнага камбінату на 2021 год складалі 1,39 мільярда рублёў. На канец 2020 году БМЗ мусіў заплаціць па крэдытах больш за 3 мільярды рублёў. І гэта пры чыстым прыбытку за 2020 год у 37 тысяч. Тады дзяржава вырашыла зноў даць грошы стратнаму прадпрыемству і рэструктураваць ягоныя даўгі. На пачатку 2021 году Мінфін выпусьціў валютныя аблігацыі на 619 мільёнаў даляраў, якія былі скіраваныя на пагашэньне даўгоў для БМЗ, яны адразу вярнуліся банкам.
- Яшчэ раней БМЗ праводзіў мадэрнізацыю. Агульную суму субсыдый і крэдытаў, якія атрымала прадпрыемства, спэцыялісты ацэньваюць у 1 мільярд даляраў.
- У сакавіку 2022 году Эўразьвяз увёў абмежаваньні на ўвоз мэталу зь Беларусі. У траўні «Беларускі мэталюргічны завод» трапіў пад санкцыі Ўкраіны, у жніўні — ЭЗ і ЗША. Яны прадугледжваюць, што сродкі БМЗ у Эўропе мусяць быць замарожаныя, ніякія сродкі і эканамічныя рэсурсы ня могуць перадавацца заводу наўпрост ці ўскосна.
- У ліпені 2023 году кіраўніцтва БМЗ заявіла, што прадпрыемства знайшло новыя рынкі, Усе ключавыя паказьнікі прадпрыемствы холдынгу выканалі, а за першае паўгодзьдзе 2023 году завод экспартаваў прадукцыі на $ 660,5 млн. Журналісты высьветлілі, што БМЗ працягвае гандляваць з Эўропай, абыходзячы санкцыі ЭЗ празь літоўскія кампаніі Milca Baltija і Eurologistikos bazė.
- У першым квартале 2024 году выручка БМЗ павялічылася на 9,4%, заявіў намесьнік гендырэктара прадпрыемства па зьнешнеэканамічных сувязях, збыце і кіраваньні тавараправоднай сеткай Уладзімер Чавус. Паводле яго, завод выплавіў амаль 530 тысяч тон сталі, пры гэтым «уся вырабленая прадукцыя адгружаецца спажыўцам практычна адразу».