Экс-кіраўніка МУС Казахстану арыштавалі на два месяцы. Ён быў на пасадзе, калі душылі пратэсты

Ерлан Тургумбаеў, 2019 год.

Былы міністар унутраных спраў Казахстану Ерлан Тургумбаеў зьмешчаны пад варту тэрмінам на два месяцы. Пра гэта паведаміла ў чацьвер прэс-служба Генэральнай пракуратуры Казахстану.

Тургумбаева зьнялі з пасады кіраўніка МУС у лютым 2022 году. Больш як праз два гады яго затрымалі «за перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў, якое прывяло да цяжкіх наступстваў». Абставіны яго затрыманьня і ў чым канкрэтна падазраецца экс-міністар, улады не паведамілі. У крымінальнай справе ёсьць зьвесткі, якія становяць дзяржаўную таямніцу.

У сакавіку Тургумбаева дапыталі ў рамках расьсьледаваньня крымінальных спраў у дачыненьні да супрацоўнікаў сілавых органаў аб незабесьпячэньні правапарадку і прымяненьні катаваньняў падчас беспарадкаў.

Тургумбаеў узначальваў МУС зь лютага 2019 году і быў вызвалены ад пасады неўзабаве пасьля масавых пратэстаў у краіне — 25 лютага 2022 году.

  • На пачатку 2022 году ў Казахстане ўспыхнулі масавыя пратэсты, адбыліся сутыкненьні з паліцыяй у Алматы і іншых гарадах, якія прывялі да гібелі ня менш як 238 чалавек.
  • Пратэсты пачаліся з прычыны незадаволенасьці жыхароў ростам цэнаў на газ, аднак пазьней удзельнікі пачалі выказваць незадаволенасьць прысутнасьцю ва ўладзе Нурсултана Назарбаева, які пасьля беспарадкаў пакінуў пасаду старшыні кіруючай партыі Nur Otan.
  • Масавыя беспарадкі прывялі да палітычных рэформ і датэрміновых выбараў прэзыдэнта, на якіх перамог Касым-Жамарт Такаеў. Паводле афіцыйных дадзеных, ён набраў 81,31% галасоў на выбарах 20 лістапада. Крытыкі адзначалі з моманту абвяшчэньня выбараў, што іх вынікі ўжо з самага пачатку былі прадвызначаныя, і сьцьвярджалі, што іншыя пяць малавядомых кандыдатаў прыцягнутыя для стварэньня бачнасьці барацьбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-міністра абароны Казахстана асудзілі за перавышэньне ўлады падчас разгону пратэстаў 2022 году