За 2023 год карпарацыя страціла 629 мільярдаў рублёў (каля $6,8 млрд). Прычынай стала рэзкае скарачэньне паставак у Эўропу.
Другога траўня «Газпром» апублікаваў справаздачнасьць групы кампаній, што ўваходзяць у яго склад, за 2023 год. Выручка скарацілася на 27% у параўнаньні зь мінулым годам, пераважна за кошт газавага бізнэсу (-43%). Продажы нафты на ўнутраным і вонкавым рынках упершыню перавысілі продажы газу.
Пры гэтым кампаніі практычна не ўдалося скараціць выдаткі, а капітальная іх частка вырасла амаль на 10%. Акрамя таго, у Расеі карпарацыі прыйшлося заплаціць больш падаткаў з прычыны іх павелічэньня.
Паводле разьлікаў газэты «Коммерсантъ», у 2023 годзе карпарацыя зьнізіла трубаправодны экспарт у Эўропу больш як у 2,5 раза, да 24 млрд кубамэтраў, супраць 62 мільярдаў у 2022 годзе. Пастаўкі вядуцца праз Украіну і Турэччыну. Продажам у Кітай іх кампэнсаваць не ўдалося.
Страты карпарацыі апынуліся прыкметна вышэйшымі за чаканьні аналітыкаў, вынікае з матэрыялу «РБК інвэстыцыі». Значна ніжэй за чаканую аказаўся і аб’ём прыбытку да вылічэньня падаткаў (EBITDA).
У кастрычніку 2023 году ў выступе на форуме «Расейскі энэргетычны тыдзень» прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што карпарацыя «адчувае сябе ўпэўнена, спакойна, спраўляецца», нягледзячы на зьніжэньне паставак і даходаў. Лічбы, аднак, сьведчаць пра іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На закансэрваваным будаўніцтве «Газпром-цэнтру» ў Менску зноў пачаліся работы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліва зь Беларусі і Расеі ва Ўкраіну падчас вайны пастаўлялі праз кампанію Wexler Group. Што вядома пра схему