Намесьнік міністра фінансаў Беларусі Дзьмітры Кійко заявіў, што закон аб пераходзе з ІП у юрыдычную асобу тычыцца прыкладна 40 тысяч прадпрымальнікаў Беларусі. Раней яны плацілі падаткаў каля 150 мільёнаў рублёў штогод. Калі ж ІП гэтых відаў дзейнасьці трансфармуюцца ў форму юрыдычнай асобы, дык тая ж колькасьць юрыдычных асобаў аплочвае 440 мільёнаў рублёў падаткаў. Такім чынам, на думку Кійко, «зьнікне нездаровая канкурэнцыя», паколькі ІП нясуць значна меншыя выдаткі.
У 2024 годзе значна мяняецца сыстэма падаткаабкладаньня індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі. Скарочаны сьпіс відаў дзейнасьці, паводле якіх прадпрымальнікі маглі прымяняць адзіны падатак з ІП і фізычных асобаў, а таксама ўсталяванае абмежаваньне па выручцы за год у памеры 500 тысяч рублёў. Да гэтай сумы выручка абкладаецца падаткам 20%. Пры дасягненьні гэтай «столі» ўся выручка абкладаецца падаткам у памеры 30%, а ІП павінен перарэгістравацца ў камэрцыйнае прадпрыемства.
Прадпрымальнікі павінны зрабіць выбар — альбо памяняць від дзейнасьці, каб застацца ў статусе ІП, альбо стварыць камэрцыйную арганізацыю. Неабходнасьць такога кроку дзяржава тлумачыла ў тым ліку і тым фактам, што камэрцыйныя арганізацыі, якія занятыя тымі ж самымі відамі дзейнасьці, што і ІП, сутыкаюцца зь нядобрасумленнай канкурэнцыяй зь іх боку. Камэрцыйныя прадпрыемствы значна больш зарэгуляваныя беларускім заканадаўствам, а ІП карыстаюцца льготнымі ўмовамі, якія былі створаныя на пачатку станаўленьня прадпрымальніцтва. Таксама не сакрэт, што статус ІП многія выкарыстоўвалі для мінімізацыі падаткаабкладаньня.
Менавіта таму ў 2024 годзе ІП павінны рэфармаваць сваю дзейнасьць. «Мы не заўважылі, каб колькасьць ІП у гэтым годзе значна скарацілася, пры гэтым бюджэтныя паступленьні ад іх павялічыліся на 600 мільёнаў рублёў», — заявіў падчас прэс-канфэрэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Навумовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пракамэнтаваў сутнасьць заканадаўчых зьменаў дзейнасьці ІП: «Гэта не азначае, што ўсіх загонім у стойла»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Саюз прадпрымальнікаў аб новым законапраекце: дзясяткі тысяч ІП могуць страціць працу