Улады ўкраінскай сталіцы заклікаюць кіяўлянаў у мэтах бясьпекі глядзець богаслужбы ў інтэрнэце і не хадзіць у храмы. Пра гэта напісана ў паведамленьні вайсковай адміністрацыі гораду ў дзень 1 мая.
«Не забывайце — у краіне ідзе вайна. У нашага ворага няма нічога сьвятога! Нават у такія сьветлыя дні ўрачыстасьці Ўваскрасеньня Хрыста ад агрэсара можна чакаць толькі зла! Пагрозу правакацый або ракетных абстрэлаў у гэты дзень ніхто не здымае!» — падкрэсьлівае кіраўнік КМВА Сяргей Папко.
Мясцовыя ўлады адзначаюць, што велікодная камэнданцкая гадзіна будзе дзейнічаць з 00:00 да 05:00.
Напярэдадні ў Нацыянальнай паліцыі паведамілі, што на Вялікдзень ва Ўкраіне будзе дзейнічаць камэнданцкая гадзіна, паліцыя будзе сачыць за захаваньнем правапарадку. Дзеля гэтага будуць задзейнічаны больш за 23 тысячы праваахоўнікаў.
Ва Ўкраіне праваслаўныя вернікі і грэка-каталікі сёлета будуць сьвяткаваць Вялікдзень 5 траўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікдзень. Моўны тэст ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея атакавала Харкаў авіябомбамі: адзін чалавек загінуў, 9 атрымалі раненьні