Навошта беларускім функцыянэрам езьдзіць у жаночыя калёніі

Жаночая калёнія ў Гомлі, архіўнае фота

Фарс працягваецца — так званая грамадзкая назіральная камісія не знайшла парушэньняў у жаночай калёніі ў Зарэччы, якая вядомая жорсткімі ўмовамі і дзе ўтрымліваюцца жанчыны, якіх асудзілі паўторна. Відаць, прапагандысцкага фільма з удзелам Паліны Шарэнды-Панасюк уладам здалося мала, і яны дадаюць публічна яшчэ адну, так бы мовіць, крыніцу інфармацыі.

Вядома, давяраць такой крыніцы можна ня больш, чым прапагандысцкай тэлемашыне. Пра ўмовы, у якіх жывуць жанчыны ў калёніі, гаворка ідзе толькі ў кантэксьце таго, які добры, правільны, справядлівы і гуманны дыктатарскі рэжым Лукашэнкі. Але вось што цікава: улады наўмысна робяць так, каб злачынствах рэжыму запэцкалася як можна больш чалавек. Ну, і традыцыйна ўжо падмяняюць паняцьці, называючы грамадзкай камісіяй не незалежных назіральнікаў і назіральніц, зацікаўленых у паляпшэньні ўмоваў для зьняволеных, а звычайных функцыянэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакату не дазволілі сустрэцца з палітзьняволенай Шарэндай-Панасюк

Напрыклад, Гомельскай абласной камісіяй (а Зарэчча знаходзіцца акурат у Гомельскай вобласьці) кіруе сябра Гомельскай абласной грамадзкай арганізацыі вэтэранаў органаў пракуратуры. А ўваходзяць у яе таксама людзі з Гомельскай асацыяцыі дзяцей і моладзі, Беларускага рэспубліканскага саюзу юрыстаў, БРСМ і нават Гомельскага клюбу вясёлых і дасьціпных. Усё гэта «ідэалягічна» правільныя арганізацыі, галоўная задача якіх — падтрымліваць Лукашэнку і ягоную сыстэму. Зрэшты, яны і ёсьць частка гэтай сыстэмы. І чым далей, тым больш ім даводзіцца даказваць сваю вернасьць дыктатару, бо гэта адзіны спосаб выжыць, калі рукі ўжо запэцканыя.

Вось яны і падаюць ніжэй і ніжэй. На сваёй старонцы ў Інстаграм нават рэклямуюць вываз скрадзеных украінскіх дзяцей у Беларускія лягеры, а гэта, мне здаецца, найгоршае, у чым можна прымаць удзел па меркаваньні міжнароднай супольнасьці. Бо ордэр на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай быў выдадзены менавіта за выкраданьне дзяцей. І беларускія функцыянэры таксама ў гэтым запэцкаліся. А хлусьня пра тое, нібыта ў жаночых калёніях усё добра — гэта для іх увогуле драбяза, адносна якой не варта чакаць аніякіх наступстваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гаазе адкрылася канфэрэнцыя аб меркаваных ваенных злачынствах Расеі ва Ўкраіне

Ну падумаеш, Паліну Шарэнду-Панасюк так моцна зьбілі іншыя зьняволеныя, што яе давялося шпіталізаваць. Падумаеш, Вікторыю Кульшу зьбіваў і душыў супрацоўнік адміністрацыі. Ажно цікава, чаму ж так званай грамадзкай камісіі ніводная з жанчын у калёніі ні на што не паскардзілася?

Дарэчы, другую — Гомельскую — жаночую калёнію гэтая камісія таксама ня так даўно наведвала. Самім зьняволеным ад гэтага лягчэй ня стала, але сябрам камісіі было за што адсправаздачыцца. Як і намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вользе Чупрыс, якая наведала ВК № 4 у студзені.

Па словах чыноўніцы, там «створана ўсё, каб асуджаныя маглі быць здаровымі, разьвівацца, каб маглі адчуць сябе асобай». Ну, а штрафны ізалятар за любую драбязу, адмова ў своечасовым лячэньні, цяжкія і небясьпечныя ўмовы працы — гэта ўсё палітзьняволеным, відаць, прысьнілася. Ну ці мы самі сабе гэта прыдумалі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.