У непрызнаным Захадам беларускім парлямэнце сфармавалі дэлегацыі для «кантактаў з Эўропай»

Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў Беларусі, архіўнае фота

30 красавіка на пасяджэньні прэзыдыюму Палаты прадстаўнікоў сфармавалі склады дэлегацый Нацыянальнага сходу «па ажыцьцяўленьні кантактаў з эўрапейскімі парлямэнцкімі арганізацыямі», паведамляе прэс-служба ніжняй палаты беларускага парлямэнту.

Акрамя таго, па ўзгадненьні з Саветам Рэспублікі прынялі рашэньне сфармаваць 10 дэлегацый для працы ў міжпарлямэнцкіх структурах, уключаючы Міжпарлямэнцкі саюз, Парлямэнцкі Сход Саюзу Беларусі і Расеі, Міжпарлямэнцкую Асамблею дзяржаваў — удзельніц СНД, Парлямэнцкую Асамблею АДКБ, Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ, Парлямэнцкую сетку Руху недалучэньня, Міжпарлямэнцкую асамблею праваслаўя, МПА дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Парлямэнт краін Лацінскай Амэрыкі і Карыбскага басэйну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пераважную большасьць месцаў у Палаце прадстаўнікоў занялі сябры «Белай Русі» і беспартыйныя

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага скліканьня прайшлі ў Беларусі 25 лютага на фоне маштабных рэпрэсіяў і «зачысткі» палітычнага поля ад апазыцыі. У дэпутаты былі вылучаныя толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.

Вынікі гэтых выбараў не былі прызнаныя дэмакратычнымі краінамі. У прыватнасьці, аб непрызнаньні выбараў заявіў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, з адпаведным заклікам выступіла парлямэнцкая група «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Ўкраіны. Выбары скрытыкавалі зьнешнепалітычныя ведамствы Нямеччыны, Даніі, Нарвэгіі, Польшчы, Швэцыі, група «Дэмакратычная Беларусь» у Бундэстагу, Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы.

У справаздачы місіі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую арганізавалі праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі камітэт, адзначалася, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 8-га скліканьня і мясцовых Саветаў дэпутатаў 29-га скліканьня «не адпавядалі міжнародным стандартам правядзеньня дэмакратычных і свабодных выбараў, а таксама суправаджаліся шматлікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы апублікавалі выніковую справаздачу па выніках назіраньня ў Адзіны дзень галасаваньня ў Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 33% жанчын, 40% дзяржслужбоўцаў. З каго склалі новае скліканьне Палаты прадстаўнікоў