Ганна Вішняк адзначыла, што 26 студзеня ад журналістаў даведалася, што на сайце Генпракуратуры Беларусі зьявіўся артыкул пра завядзеньне новай крымінальнай справы і «ў апісаньні было пра яе», а праз тры месяцы ёй у мэсэнджар Viber напісала сьледчая Кастрычніцкага раённага аддзелу Сьледчага камітэту па Менску Вікторыя Любіч.
Сьледчая паведаміла, што супраць Ганны ў Беларусі завялі новую крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 361-4 КК. Дадала, што ёй вядома, што Ганна знаходзіцца за мяжой, і спытала, калі тая мае намер вяртацца ў Беларусь, бо зь яе ўдзелам «неабходна правесьці шэраг сьледчых дзеяньняў».
«Мінула 3 месяцы, і сьледчая напісала ў Viber на польскі нумар, аформлены на пашпарт грамадзяніна іншай краіны. Але паколькі гэтым нумарам я карысталася, але амаль нікому не раздавала, рэальна ўсе, хто ведаў нумар, — у сьпісе званкоў, і гэта менш за 10 чалавек... Нумар яны ўзялі на допыце ў маці, найверагодней», — расказала Ганна Вішняк.
Паводле Ганны Вішняк, сьледчыя тады трымалі ў руках тэлефон маці, а неўзабаве пасьля гэтага Ганна выявіла ўваход з кампутара на менскіх ІР у Telegram-акаўнты ейнае маці (адзін прывязаны да беларускага нумара, другі — да польскага).
Пасьля паведамленьня 30 красавіка сьледчая стала тэлефанаваць Ганьне ў Viber. Ганна Вішняк кажа, што ня ведае ніякіх падрабязнасьцяў пра новую крымінальную справу супраць яе, бо «не камунікуе з памагатымі злачыннага рэжыму Лукашэнкі» і плянуе наагул выдаліць Viber з тэлефона.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што пішуць жанчыны-палітвязьні- Ганна Вішняк — валянтэрка тэлеграм-канала «Водители 97%». Яе затрымалі 28 кастрычніка 2020 году за «арганізацыю пратэстаў». Ганну асудзілі на 2,5 года калёніі за «арганізацыю пратэстаў».
- Большую частку 2,5-гадовага тэрміну Ганна адбывала ў Гомельскай жаночай калёніі № 4. Палову часу яна правяла ў ШЫЗА і прэс-атрадзе. Мела 16 спагнаньняў. Ёй удалося пазьбегнуць дадатковага пакараньня па 411-м артыкуле. Ганна выйшла на волю, адседзеўшы поўны тэрмін у 2,5 года. Пазьней яна выехала за мяжу.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падкаст-сэрыял «Архіпэляг БЕЛАГ». Этапы і папраўчыя калёніі, прымусовая праца за кратамі