Міністэрству абароны і Дзяржаўнаму пагранічнаму камітэту даручана прызначыць афіцэраў запасу на вайсковыя пасады, даць ім доступ да дзяржаўных сакрэтаў «у парадку, вызначаным актамі заканадаўства для вайсковаабавязаных, якія прызываюцца на вайсковыя (спэцыяльныя) зборы, вайсковую службу на падставе мабілізацыі».
Гранічная колькасьць афіцэраў, якія прызываюцца, аднесеная да інфармацыі «для службовага карыстаньня». Не раскрывае яе і прэсавая служба Міністэрства абароны, якая ўдакладняе, што гаворка ідзе пра прызыў асоб, якія прайшлі навучаньне паводле праграм падрыхтоўкі афіцэраў запасу на вайсковых катэдрах або факультэтах, маюць афіцэрскае званьне і залічаныя ў запас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалі плянавы вясновы прызыў у войска. Студэнты-аграрыі змогуць служыць на канікулахВайсковае ведамства адзначае, што Ўзброеныя сілы праводзяць такія мерапрыемствы «штогод на плянавай аснове». Рэалізацыя дакумэнту, як сьцьвярджаецца, «дазволіць падвысіць узровень укамплектаванасьці першасных вайсковых пасад афіцэрскага складу, <...> забясьпечыць падрыхтоўку мабілізацыйнага рэзэрву».
Аналягічны ўказ ад 10 сакавіка 2023 году прадугледжваў прызыў да 230 чалавек ва Ўзброеныя сілы і да 20 чалавек у органы пагранічнай службы (да таго прызыў праводзіўся толькі ва Ўзброеныя сілы).
- Цяперашні прызыў стаў адзінаццатым. Упершыню такі ўказ быў падпісаны ў 2002 годзе (260 чалавек), затым — у 2005-м (да 200), пасьля была дзесяцігадовая паўза. У 2016–2021 гадах прызывалася да 100 чалавек.
- У 2022 годзе гэтая колькасьць была павялічаная ў 1,5 раза — да 150, а сам указ быў падпісаны ў дзень уварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну — 24 лютага. Тады падкрэсьлівалася, што прызыў «не зьвязаны са становішчам у рэгіёне».
- У красавіку ў Беларусі пачалі і плянавы вясновы прызыў у войска. Вясной у прызыўныя камісіі выклічуць каля 40 тысяч маладых людзей, што на 20 тысяч менш, чым летась у часе восеньскага прызыву. У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што 23 красавіка каля тысячы прызыўнікоў разьмяркуюць у Сілы спэцыяльных апэрацый, 72-і аб’яднаны навучальны цэнтар і Менскую вайсковую камэндатуру.