Данос як адказ на запыт рэжыму. Адкуль бяруцца стукачы

Будынак КДБ у Менску. Архіўнае фота

Сэнсацыйная заява «Кібэрпартызанаў» пра тое, што яны выявілі і выклалі ў сеціва 40 тысяч даносаў, якія грамадзяне адправілі ў КГБ, ужо пры вывучэньні «базы» аказалася яўным перабольшаньнем. Няма ў Беларусі столькі стукачоў. Прынамсі, іх наўрад ці больш, чым у іншых краінах.

Сьцісла:

  • Чалавечыя слабасьці сустракаюцца паўсюль у сьвеце.
  • Напэўна, данос можа быць напісаны па-беларуску, але масавай зьявай гэта ўявіць сабе сёньня немагчыма.
  • У сюжэце пра данос галоўную ролю выконвае не стукач, а замоўнік і карнік.

У «базе» ў большасьці выпадкаў — звычайныя звароты грамадзян у розныя інстанцыі (ня толькі ў КГБ), скаргі на чыноўнікаў (з асабістымі зьвесткамі людзей), просьбамі, напрыклад, дапамагчы пацьвердзіць пэнсійны стаж (не ў КГБ), даць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў з архіваў КГБ, шмат пытаньняў, «меркаваньняў» і звычайнай шызафрэніі. То бок зусім не даносы. Уласна даносаў, на вока, можа быць адзін адсотак ці меней. На крытыку ўладаў, нацыянальную сымболіку, антываенную пазыцыю, празаходнія погляды... Набор невялікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» заявілі, што ўзламалі «базу даносаў у КДБ»

Што такое данос?

Данос у КГБ — гэта найперш і ў кожным разе праява чалавечай слабасьці, а такія рэчы заўсёды выклікаюць чытацкі ажыятаж. Чалавеку важна на прыкладзе іншага лішні раз пераканацца, што ён такога б не зрабіў ніколі, што ён нармальны і ўвогуле — чалавек.

Зусім нядаўна стужку абляцела навіна пра 18-гадовага нямецкага стукача, які ў сябе ў Нямеччыне напісаў больш за чатыры тысячы даносаў — на парушальнікаў правілаў паркоўкі, на адламаны сук на праезнай частцы, на адключаную сыгналізацыю ў доме пад знос, на шумных суседзяў... Іншым разам Ніклас сам правакуе кіроўцаў на парушэньні правілаў руху. Якая рэакцыя ўладаў на такі гіпэрактывізм? Не задаволены бургамістар — хлопец паралізуе працу паліцыі, абураюцца жыхары. Імкненьне да парадку перарасло ў Нікласа ў навязьлівую ідэю. Патрэбная кансультацыя спэцыяліста. Але гэта Нямеччына, і там абмяжоўваюцца бургамістравым пажаданьнем: «Я мару, каб ягоная асаблівая адоранасьць знайшла сабе іншую сфэру прыкладаньня».

Словам, звычайная справа, дзе ў сьвеце падобнае не здараецца. Адно адрозьненьне, што піша хлопец не ў палітычную паліцыю пад назваю КГБ. Гэта трэба мець на ўвазе, разглядаючы даносы нашых грамадзян, якія пішуць туды не для разьвязваньня сваіх праблемаў. Яны ўжо вызначылі «вінаватага» і прагнуць адправіць яго адразу ў страшнае пекла, у чортаў кацёл.

Пішуць, між тым, пра рознае. Пра свае асабістыя цяжкасьці — каб адпомсьціць былому сужэнцу, напрыклад. Натуральна, каб гарэў у пекле. Але ў цэлым гэтая зьява не выкараняльная, як сама чалавечая слабасьць. Тут рэч у іншым — у тым, каму пішуць і як рэагуе адрасат.

А рэагуе ён, ня думаючы. Бо што думаць, калі ён сам ускосна і зрабіў запыт на гэты данос. Так у падручніку кібэрбясьпекі дзейнічаюць махляры, што ўжываюць фішынг — вылоўліваюць у карыстальнікаў асабістыя зьвесткі, дакумэнты ці грошы, так і рэжым фішынгуе, ловячы людзей не на рэальных злачынствах, а на ўяўных хімэрах прапаганды.

Таму прычына — у замоўніку, а не ў выканаўцах зь іх чалавечай слабасьцю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 5 тысяч расейцаў за паўгода напісалі даносы ў парадыйнай праграме «Мой данос», частка даносаў рэальныя

Данос па-беларуску?

Атмасфэра пустаслоўнага «экстрэмізму» і «тэрарызму», якімі прыпраўляюць нішчымны булён прапаганды і крычма заклікаюць «зьнішчаць ворагаў», слабога выхаваньнем і розумам чалавека спакушае выканаць свой «грамадзянскі абавязак» — шукаць гэтых самых ворагаў сярод знаёмых, суседзяў, сямейнікаў. Дзесьці ў нармальнай дзяржаве яму б і ў галаву тое не прыйшло — нікчэмная справа і марная.

Як адрозьніць нармальную дзяржаву ад ненармальнай? Залежыць, наколькі яна незалежная і верная найперш інтарэсам сваіх людзей. Не ўяўляю, каб сярод допісаў у «беларускі КГБ» былі даносы па-беларуску. Гэта індыкатар нармальнасьці — тое, што мы назіраем у суседніх дэмакратыях — як працьверазеньне пасьля дурману, як раптоўнае вяртаньне ў сваю рэальную сыстэму каардынат. Калі б тысячы даносаў былі па-беларуску, гэта быў бы сур’ёзны сыгнал для здароўя нацыі і праўдзівай нацыянальнай бясьпекі.

Выснова: рэч не ў даносах, а ўва ўстаноўках сыстэмы, дзяржаўнага апарату і рэакцыі на гэтыя фэйкавыя парушэньні. На сымболіку, пад якой Беларусь стала незалежнай (турма), на выказваньні супраць вайны (турма), на крытычныя словы пра цяперашнюю ўладу (турма), на «заходнія каштоўнасьці» (чаму ж там так добра і мірна жывуць?)... То бок на ўсё тое, дзе няма і ня можа быць складу злачынства, няма і ня можа быць крыўды каму б там ні было, няма і ня можа быць пацярпелых — усяго таго, што, уласна, і ёсьць злачынствам, якое патрабавала б разбору.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.