Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка заявіў, што ўкраінскія вайсковыя фармаваньні не спыняюць назіраньні за тым, што адбываецца на мяжы зь Беларусьсю і на памежных беларускіх тэрыторыях.
«Апроч мяжы з Расеяй, мяжа зь Беларусьсю таксама застаецца пагрозьлівым кірункам. Пакуль што там няма значных падразьдзелаў расейцаў. За тым, што там адбываецца, сочаць падразьдзелы выведкі. Мы трымаем сытуацыю пад кантролем, каб у выпадку небясьпекі своечасова адрэагаваць на гэтым кірунку. Але мы не сядзім, склаўшы рукі ў чаканьні, мы ўмацоўваем гэтую мяжу ад Валыні да Чарнігаўшчыны», — сказаў Андрэй Дземчанка ў інтэрвію інфармацыйнаму агенцтву «Укрінформ».
У той жа час сьпікер украінскіх памежнікаў падкрэсьліў, што толькі фартыфікацыйныя загароды ня змогуць спыніць ворага. «Вядома, што фартыфікацыйныя і інжынэрныя загароды выконваюць вялікую ролю — гэта і абарона асабовага складу, і магчымасьць вядзеньня баявых дзеяньняў. І, вядома ж, гэта меры, дзякуючы якім мы можам зьнішчаць ворага яшчэ на подступах», — дадаў Андрэй Дземчанка.
Як вынікае зь ягоных выказваньняў, з боку Беларусі пакуль не фіксуюць спробаў прарыву дывэрсійных груп.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дакладна названыя крыніцы пагрозаў». На пасяджэньні УНС аднагалосна зацьвердзілі абноўленую ваенную дактрыну БеларусіУсебеларускі народны сход 25 красавіка зацьвердзіў Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі Беларусі.
На паседжаньні Ўсебеларускага народнага сходу кіраўнік КДБ Іван Тэртэль пагражаў супрацьдзейнічаць нейкім «тэрарыстам з Украіны» і заявіў, што «іх напаткае пакараньне, нягледзячы на тое, што сваім логавам яны абралі кіеўскія лякарні па адрасе Багатырская 30-32, дзе схаваліся за сьпіны хворых дзяцей». Пры гэтым кіраўнік КДБ зазначыў, што ў барацьбе з тэрарызмам сілавікі будуць дзейнічаць «па законах ваеннага часу».
Кіеўскія ўлады пасьля гэтай заявы вымушаны былі тэрмінова эвакуаваць пацыентаў зь дзьвюх гарадзкіх лякарняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заявы Тэртэля ўспрынялі ва Ўкраіне як анонс удару па кіеўскіх шпіталях. Іх эвакуавалі