Канстанцін Моластаў заявіў пра гэта ў праграме «Тыдзень» на тэлеканале СТВ, адказваючы на пытаньне аб верагоднасьці «жалезнай заслоны».
«Дакладнай інфармацыі аб устанаўленьні „жалезнай заслоны“ з боку нашых суседзяў у нас няма. Вядома ж, калі ў іх яшчэ захоўваецца паняцьце аб міждзяржаўным узаемадзеяньні, гэта заслона не апусьціцца, бо пункты пропуску прызначаны ў першую чаргу для зносін паміж людзьмі, для эканамічных узаемасувязяў, культурных і гэтак далей. Таму я спадзяюся, што з боку суседніх дзяржаваў гэтага не адбудзецца», — заявіў ён.
Асноўнымі прычынамі чэргаў на межах ён назваў закрыцьцё аўтамабільных пунктаў пропуску і «нерытмічную працу памежнікаў і мытных службаў» сумежных краін.
«Даходзіць да таго, у апошнія содні ў адным з пунктаў пропуску, дапусьцім, ад нормы, якая была дасягнута ў выніку дамоўленасьці, сумежны бок прыняў толькі 20% аўтамабіляў. Вось вам і прычына чэргаў, якія ўзьнікаюць», — заявіў кіраўнік ДПК, заклікаўшы памежнай службы суседніх краін «да нармальнай працы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэгіянальны бізнэс на Падляшшы просіць аднавіць памежныя пераходы зь Беларусьсю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі вырашылі пабудаваць яшчэ адну заставу на мяжы з Украінай. У колькі абыдзецца будоўля