Беларускія памежнікі заявілі, што выкрылі незаконную схему пастаўкі аўтамабіляў у краіну

Ілюстрацыйнае фота

Аўтамабілі завозілі ў краіну з Эўразьвязу.

Спосаб, з дапамогай якога машыны з Эўразьвязу ўвозілі ў Беларусь, быў простым: на іх выраблялі беларускія рэгістрацыйныя нумары і падраблялі дакумэнты. Далей аўтамабілі заяжджалі ў краіну як беларускія, паведамляе прэс-служба Мытнага камітэту.

Агулам за паўгода ў Беларусь з Польшчы праз памежны пераход «Берасьце» ўехалі ня менш як 10 транспартных сродкаў, якія потым прадавалі на av.by. Паводле ацэнкі Дзяржаўнага мытнага камітэту, шкода для бюджэту ад гэтай дзейнасьці склала 165 тысяч рублёў.

Кіраўніцтва схемай ажыцьцяўляў 44-гадовы беларус. Неаднаразова судзімы за крадзеж аўтамабіляў, а таксама падробку ідэнтыфікацыйных нумароў.

Уладам удалося сканфіскаваць 3 аўтамабілі, 18 камплектаў рэгістрацыйных знакаў і 14 пасьведчаньняў аб рэгістрацыі. Сілавікі завялі крымінальную справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусам выгадней заказваць аўтамабілі з ЗША, чым з Эўразьвязу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі люксавыя аўтамабілі. Эўрапейскія грузавікі трапляюць у Расею празь Беларусь у абыход санкцыяў, — расьсьледаваньне