Дэпутаты Адэскай гарадзкой рады прагаласавалі за зьмены назваў звыш сотні вуліц. Вуліцу Беларускую пераймянуюць у вуліцу Кастуся Каліноўскага, як і прасіў фонд «Вільна Білорусь».
Канчатковы дакумэнт яшчэ мае быць апублікаваны, але за перайменаваньне ўжо прагаласавалі на сэсіі гарадзкой рады 24 красавіка.
Беларуская — невялікая вуліца ў прыватным сэктары на поўдні Адэсы, якая выходзіць да мэмарыяльнага комплексу Гераічнай абароны Адэсы.
Ініцыятыва «Вільна Білорусь» мінулай восеньню зьвярталася да кіраўніцтва Адэсы з прапановай у межах дэкамунізацыі назваць вуліцу ў гонар Кастуся Каліноўскага, Міхаіла Жызьнеўскага, Аляксея Скоблі ці проста ў гонар Вольнай Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест Беларускай, Менскай, Берасьцейскай ва Ўкраіне зьявіліся вуліцы Каліноўскага, Жызьнеўскага, Скоблі і «Літвіна»- З пачатку расейскага ваеннага ўварваньня, якое падтрымала кіраўніцтва Беларусі, ва Ўкраіне ва ўсіх населеных пунктах адбываецца замена беларускай і расейскай тапанімікі, створанай яшчэ ў савецкія часы.
- У той жа час ва ўкраінскіх гарадах пачалі зьяўляцца вуліцы ў гонар беларусаў, якія загінулі ва Ўкраіне, а таксама беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага (1838–1864), першага беларускага рэвалюцыянэра.
- У Беларусі ўлады тым часам пазбаўляюцца назваў, зьвязаных з Каліноўскім. Так, у сьнежні 2023 году ў Сьвіслачы перайменавалі гімназію Каліноўскага — цяпер гэтая ўстанова адукацыі носіць імя савецкай падпольшчыцы Васіленкі. Цяпер хочуць перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Менску.
- Імя Кастуся Каліноўскага носіць асобнае падразьдзяленьне, што складаецца з грамадзян Беларусі, якое ўвайшло ў склад Узброеных сіл Украіны.