Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен падчас візыту ў Кітай сустрэўся ў пятніцу з кіраўніком краіны Сі Цзіньпінам і шэрагам высокапастаўленых афіцыйных асоб, падкрэсьліўшы важнасьць «адказнага падыходу» да вырашэньня двухбаковых рознагалосьсяў, перадае Associated Press.
Агенцтва зазначае, што кантактаў паміж ЗША і Кітаем у апошнія месяцы стала больш, але рознагалосьсі пры гэтым узмацніліся. Па словах Блінкена, у размове зь Сі ён выказаў занепакоенасьць наконт падтрымкі Кітаем Расеі, якая вядзе вайну супраць Украіны. Блінкен зьвярнуў увагу на пастаўкі Маскве Пэкінам матэрыялаў, уключаючы станкі і мікраэлектроніку, якія расейскія ўлады могуць выкарыстоўваць для ўмацаваньня сваіх ваенных магчымасьцяў.
«Расеі будзе складана працягваць наступ на Ўкраіну без падтрымкі Кітаю», — падкрэсьліў Блінкен у гутарцы з журналістамі пасьля сустрэчы зь Сі Цзіньпінам. Ён дадаў, што Пэкін ня можа захоўваць добрыя адносіны з Эўропай, падтрымліваючы самую вялікую пагрозу бясьпецы Эўропы ад заканчэньня «халоднай вайны».
На перамовах у Пэкіне закраналіся таксама праблема Тайваня, ваенная актыўнасьць КНР у Паўднёва-Кітайскім моры, сытуацыя з правамі чалавека. Блінкен станоўча адзначыў некаторыя пункты двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы ваенную сувязь, намаганьні па барацьбе з наркотыкамі, а таксама ў сфэры штучнага інтэлекту, паведамляе AP.
- Перад візытам Блінкена газэта Financial Times са спасылкай на крыніцы пісала, што дзяржсакратар падчас паездкі ў Кітай папярэдзіць Пэкін пра жорсткія санкцыі, калі КНР не адмовіцца ад паставак Расеі вайсковых тэхналёгій.
- Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін у чацьвер на гэтым тыдні заявіў, што ў траўні плянуецца ягоны візыт у КНР.
- Саюзьнікі Кіева неаднаразова заяўлялі, што Кітай пастаўляе Расеі вайсковыя тэхналёгіі, якія выкарыстоўваюцца Масквой у вайне супраць Украіны. Масква і Пэкін абвінавачаньні на свой адрас адкідаюць.