Ва Украіне па справе аб карупцыі арыштавалі міністра аграрнай палітыкі. І выпусьцілі пад заклад

Мікола Сольскі, архіўнае фота

Найвышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны пастанавіў арыштаваць да 26 чэрвеня міністра аграрнай палітыкі краіны Міколу Сольскага, якога падазраюць у незаконным прысваеньні дзяржаўнай зямлі.

Аднак Сольскаму далі магчымасьць унесьці заклад у памеры больш за 75 мільёнаў грыўняў ($1,9 млн). Міністэрства паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што за Сольскага ўнесьлі заклад, ён вызвалены і працягвае выконваць абавязкі міністра. Абарона міністра таксама адзначыла, што ў цэлым ня згодная з рашэньнем суду і можа яго абскардзіць, як толькі атрымае поўны тэкст пастановы.

44-гадовы Мікола Сольскі адмаўляе віну і абяцае супрацоўнічаць са сьледзтвам. У чацьвер Сольскі падаў прашэньне аб адстаўцы з пасады міністра. Тэкст апублікаваў у фэйсбуку сьпікер парлямэнту Руслан Стэфанчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва высылае колішняга «загадчыка гаспадаркі» Януковіча. Украіна яго не вышуквала

Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны раней на гэтым тыдні заявіла, што былы кіраўнік аграрнага камітэту Вярхоўнай Рады, дзейны міністар, мог удзельнічаць у незаконным прысваеньні дзяржаўнай зямлі коштам каля 300 мільёнаў грыўняў (больш за 7 мільёнаў даляраў) і ў спробе атрымаць іншы зямельны ўчастак яшчэ больш як на 190 мільёнаў грыўняў ($5 млн).