У Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны расьсьледуюць справу, заведзеную ў сакавіку 2022 году паводле артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу аб парушэньні законаў і звычаяў вайны, які прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на 10-15 гадоў або пажыцьцёвае зьняволеньне.
Цяпер сьледчыя расьсьледуюць яшчэ адзін эпізод ваенных злачынстваў расейцаў, якія ў Гастомелі захапілі ў палон двух цывільных — адзін зь іх ужо вярнуўся ва Ўкраіну ў выніку абмену палоннымі ў траўні 2022 году, а другі дагэтуль знаходзіцца ў палоне.
Як вынікае з матэрыялаў справы, украінцы ехалі ў Гастомель на аўтамабілі Hyundai, каб дапамагчы эвакуаваць людзей у Кіеў, але іх спынілі і затрымалі расейскія васкоўцы спэцыяльнага прызначэньня.
Спачатку іх утрымлівалі ў пад’езьдзе аднаго з жылых дамоў, а потым адвезьлі ў лес і кінулі ў яму.
Як паведаміў сьледчым вызвалены з палону ўкраінец, у яму яго кінулі ўжо з прастрэленай нагой. Празь некалькі дзён яго перавезьлі ў сталовую дзяржаўнага авіяцыйнага комплексу «Антонаў» у Гастомелі і кінулі ў маразільную камэру, дзе ён знаходзіўся разам зь іншымі палоннымі да 17 сакавіка 2022 году.
У палоне ў часе так званых «допытаў» яго білі, катавалі токам, падвешвалі за канцавіны. Калі ён знаходзіўся ў маразільнай камэры, расейцы скакалі па ягонай сьпіне, прыкладамі перабівалі рукі і зламалі рэбры.
Праз амаль паўмесяца ўтрыманьня ў маразільні яго і некалькіх іншых цывільных і вайсковых палонных праз Чарнобыль вывезьлі спачатку ў Беларусь, а адтуль этапавалі ў ізалятар Навазыбкава Бранскай вобласьці, а потым у Таганрог і Севастопаль. На тэрыторыі акупаванага Крыму ўкраінца пратрымалі да 6 траўня 2022 году, пакуль улады не змаглі дамовіцца аб абмене.
Пасьля вяртаньня з палону ўкраінец больш за месяц праходзіў лячэньне і рэабілітацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве просяць украінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Беларусь, выйсьці на сувязь24 лютага 2022 году расейскі дэсант з тэрыторыі Беларусі высадзіўся на аэрадроме ў Гастомелі Кіеўскай вобласьці. У выніку баёў 5 сакавіка 2022 году расейцы ўзялі Гастомель пад свой кантроль. Украінскія войскі змаглі выбіць расейцаў з горада толькі 1 красавіка 2022 году.
Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцей сталі вядомыя масавыя факты жорсткага стаўленьня расейскіх вайскоўцаў да цывільных. Буча, Барадзянка і Ірпень Кіеўскай вобласьці сталі сымбалямі жорсткасьці расейскіх вайскоўцаў у дачыненьні да цывільнага насельніцтва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома аб сьмерці ў Беларусі яшчэ адной грамадзянкі Ўкраіны, якую расейцы прымусова вывезьлі з-пад КіеваПраваахоўныя органы Ўкраіны па выніках расейскай акупацыі часткі Кіеўскай вобласьці, якая працягвалася з 24 лютага да 31 сакавіка 2022 году, завялі 11 433 крымінальныя справы на расейскіх вайскоўцаў за ваенныя злачынствы, а таксама на ўкраінскіх калябарантаў.
На вызваленых ад расейцаў украінскіх тэрыторыях зафіксавалі ня менш за 5079 выпадкаў катаваньняў і выявілі больш за 100 месцаў жорсткага абыходжаньня з насельніцтвам (так званыя «катоўні»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь мяшком на галаве і зьвязанымі рукамі. Расейцы вывезьлі ўкраінскага падлетка ў дзіцячы дом у Беларусі, але там яго выратавалі