Яўген Гуцалаў жыў у Віцебску. У 2019 годзе пра яго пісалі СМІ — малады чалавек за 10 дзён прабег Беларусь з поўначы на поўдзень, адолеўшы 650 кілямэтраў. З 2015 году Яўген арганізоўваў паходы па Турэччыне, вадзіў групы па цікавых мясьцінах. У 2020-м яго за ўдзел у маршах пратэсту затрымлівала міліцыя. Пасьля гэтага ў 2021-м Гуцалаў перабраўся ў Турэччыну. Пераехаўшы, даведаўся, што на радзіме на яго завялі крымінальную справу за «зьнявагу дзяржаўных сымбаляў» (артыкул 370 Крымінальнага кодэксу). Так міліцыя расцаніла публікацыю сатырычнага відэа ў Instagram.
Пасьля турэцкага землятрусу 2023 году Яўген уключыўся ў валянтэрскую дзейнасьць, зьбіраў дапамогу пацярпелым. У красавіку 2023-га ён вырашыў выехаць у Ерэван, каб «абнуліць» час знаходжаньня ў краіне і пасьля падаць дакумэнты на новы дазвол на жыхарства. Але ў Армэніі беларуса затрымалі проста ў аэрапорце — у Беларусі яго падалі ў вышук. Яўген пасядзеў трохі ў турме і дабіўся, каб яму дазволілі выехаць з Армэніі.
Паблукаўшы па сьвеце, Гуцалаў вырашыў выправіцца па сьлядах султана Сулеймана. Той ішоў заваёўваць Эўропу ў 1529 годзе і дайшоў са Стамбулу аж да Вены. Цяпер Яўген ідзе пехатой зь Вены да Стамбулу — гэта 2,5 тысячы кілямэтраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку яны чамусьці называлі „Містэр Бульба“». Гісторыя беларуса, якога затрымалі ў Армэніі на запыт афіцыйнага МенскуЗ адным заплечнікам — празь сем краін
Шлях султана Сулеймана зь Вены ў Стамбул называюць сымбалем яднаньня людзей розных нацыянальнасьцяў, рэлігій і культур. Ён пачынаецца ад сабора Сьвятога Стэфана ў Вене. Званы храма былі выплаўленыя з турэцкіх гармат. Заканчваецца шлях ля магілы султана ў Стамбуле.
Яўген кажа, што ўбачыў неяк у інтэрнэце відэа пра дзяўчыну, якая ішла шляхам султана Сулеймана. І вырашыў кінуць выклік сабе. На пытаньне «Ты ідзеш адзін?» беларус адказаў: «Як адзін? Са мной увесь Сусьвет!». Яўген ужо прайшоў праз Аўстрыю, Славаччыну, Вугоршчыну, Харватыю. Цяпер ён у Сэрбіі. Наперадзе Баўгарыя, Грэцыя і Турэччына.
У падарожжа Яўген падабраў добры абутак, яго заплечнік важыць каля сямі кіляграмаў. Апроч іншага, там намёт і дрон для здымак. Шлях султана Сулеймана абслугоўваюць валянтэры. Яны прыслалі Яўгену мапу, кепку, «пашпарт падарожніка» для пячатак і турыстычныя даведнікі.
У Аўстрыі беларуса найбольш уразіла «абсалютная чысьціня» — ані на дарозе, ані ў лесе Яўген ня ўбачыў «ні паперкі, ні бутэлькі». Начуе ён пераважна ў намёце, але калі тэмпэратура была «каля нуля», то скарыстаўся паслугамі хостэлу. У Вугоршчыне Гуцалава найбольш уразіў горад Эстэргом. Ён яшчэ называецца «вугорскім Ватыканам» за базыліку, падобную да рымскай.
«Я цяпер успамінаю тую базыліку ў Эстэргоме — і ў мяне проста мурашкі па скуры! Гэта самае прыгожае, што я бачыў», — кажа падарожнік.
Памежнік назваў «крэйзі мэнам» і пачаставаў кавай
У Вугоршчыне Яўген пазнаёміўся зь мясцовымі — шукаў месца, дзе паставіць намёт. Яму прапанавалі спыніцца ля дома ў вёсцы на беразе Дунаю. Размаўлялі на вугорскай мове праз інтэрнэт-перакладчык.
«Людзі гасьцінныя, запрасілі на вячэру, накармілі, напаілі. Размова тычылася і палітыкі таксама. Яны аказаліся абазнанымі ў беларускай сытуацыі. Казалі пра свайго прэм’ера Орбана ў тым пляне, што сытуацыя падобная ў нечым у іх і нас», — кажа вандроўнік.
У Вугоршчыне ў Яўгена здарыўся і непрыемны інцыдэнт — у нейкай вёсцы да беларуса прычапіліся невядомыя. Паводзілі сябе агрэсіўна. Яўген не разумеў, чаго яны хочуць. Незнаёмцы хапаліся за ягоны гадзіньнік. Давялося іх адштурхнуць і працягнуць свой шлях.
Першай мяжой з пашпартным кантролем на дарозе Яўгена Гуцалава была вугорска-сэрбская.
«Вугорскі памежнік спытаў, куды я накіроўваюся, на ангельскай мове. Калі я сказаў, што іду пехатой у Стамбул, ён мяне назваў „крэйзі мэн“ і пачаставаў кавай. На сэрбскім баку нейкі час марудзілі з маімі дакумэнтамі, але прапусьцілі і пажадалі добрай дарогі, маўляў, ідзі ў свой Стамбул», — кажа беларус.
Калі ён апынуўся на тэрыторыі Сэрбіі, то некаторыя знаёмыя і падпісчыкі ў Instagram пачалі палохаць Яўгена, што тамі жывуць прыхільнікі «русского мира», там небясьпечна.
«Мне здаецца, гэта міт. Я перасякаўся тут зь мясцовымі, размаўляў зь імі. Нармальныя!» — сьцьвярджае вандроўнік.
На ўсё Яўген закладаў бюджэт у 1,5 тысячы эўра. Кажа, што «добрым данатам» яму дапамагаюць і падпісчыкі ў Instagram.
Што пасьля Стамбулу?
«Пакуль ня ведаю. Можа быць, па Турэччыне пагуляю», — гаворыць Яўген.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі навуковец Аляксей Ластоўскі наведаў 342 аб’екты UNESCO. Кажа, што больш за ўсіх у сьвеце ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам проста надакучыў нэгатыў з усіх бакоў». Аўтары флэшмобу «This is Belarus» расказалі, у чым яго ідэя і як ён ствараўся