Алеся просіць не называць яе сапраўднага імя і прозьвішча. Жанчына вызваліся з Гомельскай жаночай калёніі мінулай зімой. Нягледзячы на цалкам адбытае пакараньне, яна па-ранейшаму турбуецца за ўласную бясьпеку, а таксама за сваіх родных. За краты Алеся трапіла ў 2022-м за актыўнасьць у сацсетках. Пакараньне магло быць значна больш суворым. Суразмоўца лічыць, што ёй пашанцавала. Яна пацьвярджае інфармацыю крыніц Свабоды пра няпросты стан Марыі Калесьнікавай. Суразмоўца дадае, што пасьля сканчэньня тэрміну ўтрыманьня ў памяшканьні камэрнага тыпу (гэта 6 месяцаў) на Марыю Калесьнікаву складаюць новыя рапарты за «парушэньні рэжыму» і зноў караюць ПКТ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хацелі нават памераць ціск». Што вядома пра стан Марыі Калесьнікавай«ПКТ і ШЫЗА знаходзяцца ў адным памяшканьні, іх камэры побач. Узаемадзейнічаць там нельга. Але раней, калі дзяўчаты траплялі ў ШЫЗА, то яны чулі голас Калесьнікавай. Яна ці адказвала на пытаньні канвойных, ці віталася зь імі, казала ім „Добрага ранку, добры дзень“ ці сьпявала нешта. Апошнім часам усе дзяўчаты, якія траплялі ў ШЫЗА, казалі, што не чуваць там голасу Марыі. Ці яна стамілася, ці замкнулася... Гэтага мы ня ведаем», — тлумачыць суразмоўца.
Яна дадае, што, нягледзячы на ўвесь нэгатыўны досьвед зьняволеньня, мае пазытыўныя ўражаньні ад вялікай колькасьці цудоўных людзей, зь якімі пазнаёмілася ў калёніі. Алеся згадвае знаёмства з Ірынай Леўшынай (экс-дырэктарка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН), праваабаронцай Марфай Рабковай, журналісткамі Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай) і Ірынай Слаўнікавай. Па словах суразмоўцы, ніхто зь іх не зьняверыўся і трымаецца за кратамі годна.
Прэс-атрад для 75-гадовай «палітычнай»
Па словах суразмоўцы, у калёніі яна пазнаёмілася з 75-гадовай палітзьняволенай Натальляй Таран з Бабруйску. Пэнсіянэрку асудзілі за «абразу» Лукашэнкі і «паклёп» на яго на 3,5 года калёніі.
«Наколькі я ведаю, яна ставіла „падабайкі“ ў сацыяльных сетках пад рознымі допісамі. Вось так на яе „павесілі“ некалькі артыкулаў. Ёй вельмі цяжка ў калёніі. Натальля Вячаславаўна мае дыябэт, яна інсуліназалежная, дый здароўе ўжо ня тое, зразумела», — успамінае суразмоўца.
Алеся кажа, што пасьля таго, як Натальлю Таран перавялі ў калёнію, яе зьмясьцілі ў так званы «прэс-атрад». Ён адрозьніваецца ад іншых горшымі ўмовамі ўтрыманьня «палітычных» і зьдзекамі зь іх крымінальнікаў. Па словах Алесі, там Натальлі было вельмі цяжка, жанчына часта плакала. Разам з тым, сьцьвярджае суразмоўца, калі на іншых палітычных адміністрацыя калёніі цісьне, каб пісалі «памілаваньне», то ад Натальлі Таран не хацелі браць такой заявы.
«Яны, адміністрацыя, доўга цягнулі з прыёмам „памілаваньня“ ад яе. То начальнік атраду ня мог напісаць характарыстыку, то тое, то другое, і так год. У выпадку з Натальляй ніхто б і слова не сказаў, не асудзіў бы яе — усе ведалі, у якім цяжкім яна стане. Але чаму адміністрацыя не хацела адпраўляць ад яе імя просьбы аб памілаваньні, ня ведаю», — кажа Алеся.
Яна таксама наракае на самаўпраўства з боку адміністрацыі калёніі. Па словах Алесі, асуджаныя, асабліва палітычныя, часам ня маюць магчымасьці напісаць скаргу і выслаць яе з калёніі.
«Часам скаргі, праўда, выходзілі. Але нікуды не даходзілі», — дадала былая зьняволеная.
Пакаяньне пасьля сюжэту на БТ
Суразмоўца расказвае, што ў калёніі паказвалі «інтэрвію» дзяржаўнай тэлевізіі з палітзьняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк. Па словах Алесі, начальнік апэратыўнага аддзелу Мікіта Алёхін асабіста хадзіў і правяраў, каб усе зьняволеныя яго паглядзелі.
«Нядаўна ў памяшканьні для выхаваўчай работы ўсталявалі яшчэ і камэры назіраньня, так што „кіно“ з Палінай мусілі глядзець усе», — кажа Алеся.
Яна дадае, што «прызнаньні» Паліны для іншых палітзьняволеных жанчын з гомельскай калёніі выглядалі дзіўна.
«Паліна ўвесь час мужна трымалася, атрымлівала і ШЫЗА, і ПКТ, і дадатковы тэрмін. Тут да вызваленьня ў траўні заставалася ёй няшмат, і такое „кіно“. Яўна нешта ня так. Можа, ёй пагражалі новым тэрмінам, крымінальнымі „карусэлямі“. Мы ў кожным выпадку не асуджалі яе, спачувалі. Але былі і такія рэакцыі, як ад адной зэчкі. Яна нешта там недачула ў „кіно“ ці недабачыла і пачала абурацца на Паліну: „Здрадніца, Берасьце хацела аддаць!“. Так у яе нешта ўсё перакруцілася ў галаве дзіўным чынам», — прыгадвае Алеся.
Суразмоўца дадае, што начальнік апэратыўнай часткі Мікіта Алёхін потым зьвярнуўся да палітычных: «Вось вы паглядзелі, то бярыце прыклад, кайцеся, вы ўсе павінны раскаяцца!». Алеся кажа, што Алёхін «страшны і сьлізкі чалавек», ён запалохвае зьняволеных, маніпулюе, намагаецца іх зламаць псыхалягічна.
«Яму проста падабаецца ламаць людзей», — перакананая былая зьняволеная.
Цэнзура перапіскі і эмоцый «палітычных»
Па словах суразмоўцы, у Гомельскай жаночай калёніі, у адрозьненьне ад СІЗА, жорсткая цэнзура на перапіску. Па-першае, пісаць можна толькі блізкім, па-другое, напісанае пільна правяраюць.
«Па сутнасьці, пісаць можна толькі нэўтральнае: „Сонейка сьвеціць, у мяне ўсё добра“. Лісты з важнай інфармацыяй не даходзяць ані ў той бок, ані ў гэты. Напрыклад, я пыталася інфармацыю пра свайго адваката, але такі ліст не прайшоў», — кажа былая зьняволеная.
Алеся расказвае, што пад кантролем у жаночай калёніі і эмоцыі асуджаных палітычных. Ім нельга абурацца, дапамагаць іншым, дзяліцца хаця б цукеркай ці печывам. Усё гэта лічыцца парушэньнем, хоць на тыя самыя дзеяньні з боку асуджаных паводле непалітычных крымінальных артыкулаў адміністрацыя асабліва не зьвяртае ўвагі.
«Нам забаронена ўсё. Напрыклад, пакуль мы на працы, супрацоўнікі адміністрацыі могуць уварвацца ў „капцёрку“ і правесьці „шмон“. Яны раскідаюць твае рэчы, сапсуюць, паломяць іх, кінуць на падлогу прадукты, патопчуцца, але ты мусіш маўчаць. Абурацца, выказаць нешта ты ня можаш — атрымаеш рапарт», — кажа Алеся.
Яна зазначае, што асабліва цяжка было ўвесь час душыць усе эмоцыі ў сабе, не праяўляць іх, бо за гэта будзе пакараньне.
«Раз на некалькі месяцаў гэта ўсё прарывалася беспрычыннымі сьлязьмі, у многіх так было. Цяпер я ведаю, што мне яшчэ трэба будзе доўга працаваць з псыхолягам. Я адчуваю, што я трохі зламаны чалавек», — дадала Алеся.
Суразмоўца згадвае словы Гайнрыха Бёля: «Калі хочаш даведацца пра краіну — пасядзі ў яе турме».
«Я паглядзела. Тое, што ўбачыла, мне не спадабалася», — зазначыла былая зьняволеная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінскі консул наведаў гомельскую жаночую калёнію, дзе трымаюць і палітзьняволеныхСястра Калесьнікавай: Вестак ад Машы няма 434 дніУ падкаст-сэрыяле «Архіпэляг БЕЛАГ» Свабода расказвае пра карную сыстэму рэжыму Лукашэнкі так, як гэта не рабіў ніхто дагэтуль.