Кацярына Кастусёва ня выйшла па заканчэньні трох дзён з ізалятара часовага ўтрыманьня УУС Магілёўскага аблвыканкаму, паведамляе тэлеграм-канал магілёўскіх праваабаронцаў MAYDAY.TEAM.
Таксама ў магілёўскіх судах не было адміністрацыйных працэсаў у адносінах да яе.
Падобна, супраць жанчыны распачалі крымінальную справу, адзначаюць праваабаронцы.
Кацярыну Кастусёву затрымалі 22 красавіка. На відэа сілавікоў жанчына кажа, што ў 2020 годзе «аказвала садзейнічаньне экстрэмісцкаму фармаваньню „Вясна“» і ў 2021 годзе зарэгістравалася ў боце пляну «Перамога». Што канкрэтна ставяць у віну Кацярыне Кастусёвай, невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дачку асуджанага Рыгора Кастусёва затрымалі за «садзейнічаньне» праваабарончаму цэнтру «Вясна»- Яе 67-гадовы бацька, хворы на рак палітвязень Рыгор Кастусёў, 17 красавіка чацьвёрты раз сустрэў дзень нараджэньня за кратамі.
- 12 красавіка 2021 году Рыгора Кастусёва затрымалі супрацоўнікі КДБ Беларусі ў яго дома ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласьці і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар у Менску. Кастусёва, а таксама Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча, абвінавацілі ў спробе перавароту ў Беларусі. У верасьні 2022 году суд прызнаў Кастусёва вінаватым у «змове з мэтай захопу ўлады» і асудзіў на 10 гадоў зьняволеньня. Беларускія праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітычным вязьнем.
- 15 студзеня 2024 году суд Івацэвіцкага раёну пастанавіў замяніць Кастусёву рэжым утрыманьня на турэмны. З горадзенскай турмы ад палітыка даходзяць лісты, а вось званкоў ён пазбаўлены. Умовы ў турме Рыгор Кастусёў называе цяжкімі.
- У Кастусёва анкалягічнае захворваньне. Паўнавартаснай мэдычнай дапамогі за кратамі ён не атрымлівае. Вядома, што, акрамя анкалёгіі, Рыгора Кастусёва турбуе варыкоз ног. У пачатку красавіка Кастусёву зрабілі апэрацыю — вывелі катэтар з мачавога пузыра, і адразу з апэрацыйнага стала адправілі ў камэру, — паведаміў ягоны зяць Дзьмітры Антончык.