Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў, блізкіх да сілавікоў, апублікаваў відэа аб затрыманьні выкладчыцы магілёўскай аўташколы. Выданьне «Медиазона» па відэа пазнала ў ёй Кацярыну Кастусёву, дачку палітзьняволенага лідэра партыі БНФ Рыгора Кастусёва.
На відэа сілавікоў жанчына кажа, што ў 2020 годзе «аказвала садзейнічаньне экстрэмісцкаму фармаваньню „Вясна“» і ў 2021 годзе зарэгістравалася ў боце пляну «Перамога».
Што канкрэтна ставяць у віну Кацярыне Кастусёвай, аўтары канала не ўдакладняюць.
Кацярына Кастусёва скончыла Акадэмію музыкі, выкладала ў магілёўскай школе музыкі, але была звольненая пасьля выбараў 2010 году. Апошнім часам працавала ў адной з магілёўскіх аўташколаў.
Яе бацька, хворы на рак палітвязень Рыгор Кастусёў, 17 красавіка чацьвёрты раз сустрэў дзень нараджэньня за кратамі. Яму споўнілася 67 гадоў.
- 12 красавіка 2021 году Рыгора Кастусёва затрымалі супрацоўнікі КДБ Беларусі ў яго дома ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласьці і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар у Менску. Кастусёва, а таксама Аляксандра Фядуту і Юрыя Зянковіча, абвінавацілі ў спробе перавароту ў Беларусі.
- У верасьні 2022 году суд прызнаў Кастусёва вінаватым у «змове з мэтай захопу ўлады» і асудзіў на 10 гадоў зьняволеньня. Беларускія праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітычным вязьнем.
- У Кастусёва анкалягічнае захворваньне. Паўнавартаснай мэдычнай дапамогі за кратамі ён не атрымлівае. Вядома, што, акрамя анкалёгіі, Рыгора Кастусёва турбуе варыкоз ног.
- 9 сьнежня 2022 году МУС унесла палітвязьня ў пералік асобаў, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці».
- 14 жніўня 2023 году Вярхоўны суд зьліквідаваў Партыю БНФ. Палітычная структура, пазбаўленая рэгістрацыі ў Беларусі, працягвае існаваць, яе суб’ектнасьць прызнаецца на міжнародным узроўні.
- 15 студзеня 2024 году суд Івацэвіцкага раёну пастанавіў замяніць Кастусёву рэжым утрыманьня на турэмны. З горадзенскай турмы ад палітыка даходзяць лісты, а вось званкоў ён пазбаўлены. Умовы ў турме Рыгор Кастусёў называе цяжкімі.
- У пачатку красавіка Кастусёву зрабілі апэрацыю — вывелі катэтар з мачавога пузыра, і адразу з апэрацыйнага стала адправілі ў камэру, — паведаміў ягоны зяць Дзьмітры Антончык.
Форум