Мара Тамковіч нарадзілася ў 1988 годзе ў Менску. З 2006-га жыве ў Варшаве. Вывучала журналістыку ў Варшаўскім унівэрсытэце, рэжысуру ў Варшаўскай кінашколе і школе Вайды. Аўтарка фільмаў «Ураўненьне», «Дачка», «Fucking Story», «За дзьвярыма», «Трымайся, братка!», «37», «У жывым эфіры», а таксама яна была другім рэжысэрам у праекце «Белсату» «Працэсы».
Стужка «Дачка» (дыплёмная праца ў Варшаўскай кінашколе) у 2018 годзе стала найлепшым ігравым фільмам XXV Менскага міжнароднага фэстывалю «Лістапад».
Фільм «У жывым эфіры» перамог на 26-м міжнародным кінафэстывалі ZOOM-ZBLIŻENIA ў Зялёнай Гуры, атрымаў адмысловую ўзнагароду на 47-м фэстывалі польскага мастацкага кіно ў Гдыні, стужку паказвалі на кінафэстывалі ў Чыкага.
Цяпер фільм «Пад шэрым небам» адабралі ў конкурсную праграму нью-ёрскага фэстывалю «Tribeca».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм беларускі Мары Тамковіч трапіў у праграму нью-ёрскага фэстывалю, заснаванага Робэртам Дэ Ніра
У фінал трапілі 10 стужак
Фэстываль «Tribeca» быў заснаваны Робэртам дэ Ніра і Джэйн Роўзэнтал у 2002 годзе пасьля атак на Міжнародны гандлёвы цэнтар, каб прыцягнуць увагу да раёну Нью-Ёрку, дзе гэты тэракт адбыўся, ажывіць тую частку гораду, кажа Мара Тамковіч.
«Гэта адна зь дзьвюх самых буйных пляцовак для незалежнага кіно ў Штатах. На імпрэзы прыходзяць да 150 тысяч гледачоў штогод. Быў вельмі сур’ёзны, грунтоўны адбор: на фэстываль падалі 13 016 стужак, у конкурсны адбор трапілі 103, а ў сэкцыю міжнароднага ігравога кіно — 10. Апроч таго, што прэстыжна і крута туды трапіць, гэта адкрывае сьвет у кінаіндустрыю», — кажа рэжысэрка стужкі «Пад шэрым небам».
Сьпіс конкурсных стужак апублікаваны, там шмат амэрыканскіх фільмаў. Фільм Мары Тамковіч будзе спаборнічаць са стужкамі рэжысэраў з Харватыі, Швэцыі, Бразыліі, Сынгапуру, Нямеччыны ды іншых краінаў. Фэстываль пройдзе ў Нью-Ёрку 5–16 чэрвеня.
«Пад шэрым небам» — гэта пэрсанажы
Мара Тамковіч прызнаецца, што асабіста не была знаёмая з Кацяй Андрэевай, пра якую зьняла ўжо два фільмы, ніколі не размаўляла зь ёй. Сапраўдная гісторыя стрыму з «плошчы Перамен» і затрыманьня журналістак 15 лістапада 2020 году была нагодай і натхненьнем для стварэньня першай стужкі. А ў фільме «Пад шэрым небам» — гэта пэрсанажы, у герояў іншыя імёны, тлумачыць рэжысэрка. Хаця, на яе погляд, прасочваецца кранальная гісторыя каханьня Каці Андрэевай і яе мужа Ігара Ільяша. У галоўнай ролі Лены, натхнёнай Кацяй Андрэевай, здымаецца Аляксандра Вайцяховіч, тая ж самая актрыса, што і ў фільме «У жывым эфіры». Яна выехала зь Беларусі ў 2020 годзе, цяпер жыве і працуе ва Ўроцлаве. Героя мужа Андрэевай Ігара Ільяша грае Валянцін Навапольскі. Ён працуе ў віленскім Старым тэатры Літвы (былым Рускім драмтэатры).
«Па-першае, гераіня старэйшая за Кацю: маім героям хутчэй за 30, а не за 20. Я не шукала акторкі, падобнай вонкава. Хаця штосьці падобнае да Каці ў Сашы ёсьць. Прынамсі, голас. Некаторыя мне нават казалі, што ў стужцы „У жывым эфіры“ быў падкладзены Кацін голас са стрыму, што гэта ня голас акторкі.
Яшчэ цікавае наконт Касяў. У маім прадакшэне можна было крыкнуць „Кася“ — і прынамсі чатыры чалавекі прыбяжыць. Мая прадусарка Кася, прадакшн-мэнэджарка Кася, арт-мастачка Кася, мантажыстка Кася. Я таксама Каця. І гераіня Каця. Мы жартавалі, што вакол Каці Андрэевай сабраўся натоўп Касяў.
А Валянцін зусім не падобны да мужа Каці зьнешне. Я хутчэй шукала актора, які энэргетыкай будзе падобны да Ігара», — дзеліцца рэжысэрка.
Авантурная задумка
Была вельмі складаная задача — зьняць мастацкую стужку за 15 дзён пры мінімальным бюджэце ў 1 мільён злотых (гэта каля 250 тысяч даляраў). Мара тлумачыць, што стандартны бюджэт на самы просты фільм «а-ля лірычная камэдыя» падобнай даўжыні ў Польшчы — каля 6 мільёнаў злотых. Бюджэт дэбютнага фільма — мінімум 4,5 мільёна злотых.
«Гэта была авантурная задумка ад пачатку да канца: у нас ёсьць прыкладна 25% ад бюджэту. Пры гэтым мы здымаем беларускую гісторыю ў Польшчы, і гэта аўтаматычна падымае кошт: трэба адаптаваць прастору, каб яна была падобнай да беларускай. Я знаходжу шырокі кадар... і разумею, што не магу тут здымаць, таму што бачу 25 польскіх шыльдаў...
Людзі працавалі не за заробак. Калі параўноўваць з рынкавымі стаўкамі, яны проста ахвяравалі сваім часам. Быў такі момант: абвешчаны перапынак на абед, у які звычайна ніхто не працуе. І тут наш тэхнічны супрацоўнік з апэратарскага дэпартамэнту пачынае ў часе перапынку нешта перасоўваць. Я кажу: «Павал, што ты робіш?» — «Я хачу, каб хутчэй...» — успамінае працэс здымак Мара Тамковіч.
Яна кажа, што гэта вялікая адказнасьць, што зацягнула гэтых людзей на свой карабель.
«Гэта адказнасьць перад акторамі, якія ўклалі высілкі, час, энэргію, эмоцыі, перажываньні; перад прадусарам; перад беларускімі гісторыямі ў прынцыпе. Таму што гэта першая поўнамэтражная ігравая карціна, якая выходзіць на міжнародны ўзровень пасьля фільма Дашы Жук „Крышталь“.
Можа, я перабольшваю сваю адказнасьць. Але я ўнутры адчувала, што не магу гэта сапсаваць», — прызнаецца Мара Тамковіч.
«Саша, не раві, няхай глядач потым плача, а ты не раві!»
Да таго ж многія сцэны здымаць было эмацыйна вельмі цяжка, шмат высілкаў пайшло на тое, каб не пераціснуць, каб усе эмоцыі не выпіналіся, выглядалі стрымана і натуральна, кажа рэжысэрка.
«Я пастаянна казала: „Саша, не раві. Няхай глядач потым плача, а ты не раві! Шукай варыянты, іншы шлях, каб праз тыя эмоцыі прайсьці. Трывай“. Трэба было прайсьці гэты шлях з пункту А ў пункт B бяз словаў, бяз той дапамогі, якую дае слова. Мы вельмі доўга здымалі і пераздымалі. Ня ведаю, што скажа Каця, але мы, мне здаецца, дайшлі. У мяне задавальненьне ёсьць».
Пасьля прэм’еры ў Нью-Ёрку фільм «Пад шэрым небам» будзе паказаны на польскім фэстывалі ігравога кіно ў Гдыні ў верасьні. Далей прадусары карціны будуць шукаць іншыя фэстывальныя пляцоўкі.
«Будзем шукаць магчымасьці, каб і беларусы хаця б маглі пабачыць гэты фільм. Спадзяюся, што неўзабаве мы будзем глядзець гэту стужку як гістарычнае кіно», — выказвае надзею рэжысэрка.
Адчуваньне прыналежнасьці
Сапраўднае імя Мары Тамковіч — Каця, яна дачка вядомага беларускага журналіста Аляксандра Тамковіча. У дзяцінстве захаплялася гульнёй «Што? Дзе? Калі?», у апошніх клясах «тусавалася» ў клюбе «New Line», які займаўся адукацыйнымі праектамі, там быў філязофскі клюб пры ЭГУ, куды Каця марыла паступаць. Але ЭГУ ў Беларусі закрылі ў 2004 годзе.
«Бацькі разумелі, што я не настроена на тое, каб вучыцца ў Беларусі. Тым больш у 2006 годзе адбывалася першая Плошча, пачаліся масавыя адлічэньні студэнтаў. І гэта расставіла кропкі над „і“.
У 11-й клясе ў мяне не было ўрокаў гісторыі, таму што мяне выгналі з усіх заняткаў. Гісторыю я здавала экстэрнам. Са школы мяне выперці не маглі, таму што я добра вучылася. Але з сыстэмнай дысцыплінай былі пытаньні. На ўсялякі выпадак я рыхтавалася да ЦТ. Тады адкрывалася першая праграма Каліноўскага. Мяне запрасілі на гутарку. І ў выніку я трапіла на гэтую першую праграму. А як мае бацькі мяне адпусьцілі ў 17 гадоў у чужую краіну, трэба ў мамы спытаць», — жартуе Каця.
Яна паступіла на журфак Варшаўскага унівэрсыту. На першым курсе пайшла працаваць на «Эўрарадыё», потым на «Белсат», зноў на «Эўрарадыё» (пад псэўданімам Мара Нальшанская). Шукала сябе.
«Я паехала ў Польшчу ў 17 гадоў, жыла ў чужой краіне, працавала ў сваім, беларускім кантэксьце. Вельмі доўга шукала адчуваньне сваёй прыналежнасьці. Калі ты жывеш у Беларусі, прыходзіш, да прыкладу, у „Графіці“ — гэта месца, дзе ты свой. А ў Польшчы я проста не разумела, дзе я свая. Былі знаёмыя, сябры, на тым жа журфаку я адчувала сябе вонкавым элемэнтам, цікавым спачатку экзатычнасьцю, потым ужо менш цікавым... Які быў выбар? Спрабаваць функцыянаваць у беларускай журналістыцы. Ужо на той момант у мяне было такое адчуваньне, што я раблю ўвесь час адзін і той жа матэрыял...
Цяпер я разумею, што гэта было наступствам маіх асабістых якасьцяў — я нецярплівая», — прыгадвае свае студэнцкія гады Мара.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ляўрэатка «Лістападу» Мара Тамковіч: «Беларускія чыноўнікі шукаюць крамолу там, дзе яе не існуе»Варшаўская кінашкола і школа Вайды
Дзяўчына пісала ў Варшаўскім унівэрсытэце магістарскую працу, але не абараніла (чаго бацькі ня маглі ёй прабачыць) на тэму «Сродкі пэрсфазіі ў аўдыёвізуальных матэрыялах на прыкладзе дакумэнтальнага сэрыялу „Хросны бацька“».
Дапісала працу, а літаральна праз тры дні пачыналіся ўступныя іспыты ў Варшаўскай кінашколе. Рызыкнула, хаця ня мела мастацкай адукацыі і адпаведнага бэкграўнду.
«У камісіі былі пераважна пажылыя дзядзечкі, усе сівыя. І я такая „дзевачка“. Яны мяне „вырубілі“, вядома, брутальна, паглядзеўшы 30 сэкундаў майго мантаванага матэрыялу. Канцлер гэтай школы параіў мне зьняць іншую стужку і прыйсьці ў верасьні на новы набор. Я зьняла фільм „37“, і мяне прынялі.
Вучыцца было цікава. Гэта быў мой першы рэальны студэнцкі досьвед, бо калі вучылася на журфаку, на першым курсе пайшла працаваць. Можа, ад гэтага было пачуцьцё непрыналежнасьці. А кінашкола гэтага не дазваляла. Мы жылі ў гэтай школе, прыходзілі раніцай і выходзілі позна ўвечары. Яна была такім досьведам, які проста фармаваў нас», — разважае Мара.
У 2018 яна годзе зьняла дыплёмны мастацкі фільм «Дачка». Працавала на пляцоўках на розных пасадах: як асыстэнт рэжысэра, супэрвайзэр, памочнік рэжысэра. Потым была яшчэ рэжысэрская школа Вайды (Mistrzowska Szkoła Reżyserii Filmowej Andrzeja Wajdy)
«Хацелася набрацца досьведу, як гэта адбываецца з пункту гледжаньня рамяства, а ня толькі мастацтва. Школа Вайды была такім крокам, што трэба разьвіваць сваё, бо здавалася, што я не знайду сябе, будучы другім прафэсійным рэжысэрам назаўжды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фільм, заснаваны на гісторыі Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай, атрымаў узнагароду на кінафэстываліПрымусіла бабулю галасаваць за Кебіча
На пытаньне, якое кіно рэжысэрка МараТамковіч хацела б зьняць у Беларусі, яна адказала так.
«Я вельмі хацела б зьняць сэрыял пра тое, як Лукашэнка прыйшоў у 1990-х да ўлады, пра гэты пераломны момант. Менавіта мастацкае кіно.
Гэта пра тое, што ў той момант, калі ты прымаеш рашэньне, якое зьменіць усё тваё жыцьцё, ты не разумееш гэтага. Мы з Дашай Чульцовай (апэратарка, якую асудзілі разам з Кацярынай Андрэевай. — РС) пра гэта размаўлялі ў зьвязку зь фільмам «У жывым эфіры». Даша кажа: «У цябе ў фільме яны проста вырашаюць! А мы не вырашалі. У нас не было ўсьведамленьня, што мы нейкае рашэньне прымаем. Мы проста прыйшлі на працу, і была ўстаноўка, што мы працуем. І шукаем нейкія варыянты, каб працаваць», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі рэжысэрка.
Мара прыгадала далёкую гісторыю са свайго дзяцінства. Калі быў другі тур першых прэзыдэнцкіх выбараў у 1994-м, ёй было 6 гадоў, лета яна праводзіла ў бабулі ў Ашмянах.
«Была моцная залева, навальніца, я раву і крычу: „Бабуля, галасуй за Кебіча!“ Я і прымусіла яе: бабуля прагаласавала за Кебіча. Чаму я так хацела? Ня ведаю. Можа, чула ягонае прозьвішча ў размовах дарослых. Але проста гістэрыка ў мяне была. Тата мой часта паўтараў, што „устами младенца глаголет истина“... Гэты ўспамін у маёй галаве застаўся: Ашмяны, лета, дождж, бабуля і мой крык: „Бабуля, галасуй за Кебіча!“.
А Лукашэнка — гэта пазбаўлены павагі хлопчык, які потым як дарваўся да ўлады! Энэргія, харызма, хватка — у нараджэньні дыктатара ёсьць сюжэт. Мне б цікава было працаваць, пакуль яшчэ ёсьць людзі, у каго можна запытацца. Але гэта вельмі дарагі і складаны праект. Думаю, што гэта было б цікава і за мяжой. Можа, з гэтай стужкай траплю на Netflix», — з усьмешкай кажа Мара Тамковіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве здымаюць мастацкі фільм паводле гісторыі каханьня беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша