Падчас мытнага надгляду на выезьдзе зь Беларусі ў грамадзяніна Расеі, які ехаў у цягніку празь беларускую станцыю Гудагай Астравецкага раёну, у тэлефоне знайшлі падпіскі ў Telegram на каналы, якія ўлады Беларусі прызналі «экстрэміцскімі». Цяпер мужчына знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
На пастанову суду зьвярнула ўвагу выданьне Hrodna.life.
Зь яе вынікае, што адміністрацыйную справу супраць яго паводле арт. 19.11 КаАП («Захоўваньне і распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі») разглядалі 11 красавіка 2024 году у судзе Астравецкага раёну.
У ягоным тэлефоне знайшлі падпіскі на «Полк Каліноўскага», «Nexta — Live» і «Радыё Свабода», уключаныя беларускімі ўладамі ў «рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
На судзе мужчына прызнаў сваю віну.
Яго пастанавілі арыштаваць на тры дні (менавіта столькі чалавека звычайна ўтрымліваюць у ІЧУ да суду), а таксама канфіскаваць у яго мабільны тэлефон.
Затрыманы — начальнік зьмены акцыянэрнага таварыства і бацька двух непаўналетніх дзяцей. Пэўна, ён ехаў цягніком Адлер — Калінінград, адзначае выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 14 гадоў да 74. «Вясна» расказала пра беларускіх «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адпомсьціў начальнік, схапілі на працы, адміністратар у сацсетках. Хто ў Беларусі рызыкуе трапіць на «суткі»