Сьцісла:
- Усе «рэформы» зьвяліся да таго, што асабісты кантроль Лукашэнкі над дзяржаўным апаратам толькі ўзмоцніцца.
- Можна патлумачыць прызначэньне намесьнікам Косінца тым, што яму будзе прадпісана стварыць структуру, якая будзе рыхтаваць рашэньні, якія потым павінен прымаць гэты Сход.
- Максымум, на што можа прэтэндаваць УНС, — гэта стварэньне нейкай «малой адміністрацыі прэзыдэнта».
- Размовы пра транзыт і дэцэнтралізацыю прывялі толькі да таго, што адбываецца яшчэ большая цэнтралізацыя, а транзыт улады толькі аддаляецца.
— Што было галоўным у прамове Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе? І ён, і прапаганда ня раз гэтыя дні паўтаралі тэзіс пра значнасьць і гістарычнасьць падзеі. У чым яна?
— У яе адсутнасьці. Галоўнае, што можна зразумець з прамовы Лукашэнкі: нічога новага і істотнага гэты орган вырашаць ня будзе. Шмат рыторыкі, часам нават нейкай новай — гэта можа быць цікава з гледзішча аналізу гэтага наратыву.
Але з гледзішча палітычнага зьместу нічога новага не было сказана. І складаецца ўражаньне, што гэты орган — УНС — уласна прыняцьцем рашэньняў займацца ня будзе. Хутчэй за ўсё, самі рашэньні будуць рыхтавацца тымі ж людзьмі, што і цяпер, — атачэньнем Лукашэнкі. А УНС будзе проста гэтыя рашэньні зацьвярджаць.
То бок зь юрыдычнага пункту гледжаньня мы пабачым пэўныя зьмены ў канстытуцыйнай канфігурацыі. Але з палітычнага гледзішча нічога не мяняецца.
— Даволі істотная частка прамовы была прысьвечаная антызаходняй рыторыцы, іншая — пра посьпехі, якіх нібыта дасягнула Беларусь з тых самых 1990-х. Аднак фактычна нічога не гаварылася пра новую ролю УНС. То бок гэта была такая рытарычная, ідэалягічная прамова?
— Так, у палітычным сэнсе мы нічога новага не пачулі. Антызаходняя рыторыка, сьцьвярджэньні, што Беларусь кансалідаваная, стандартныя тэзісы пра посьпехі ў параўнаньні з 1990-мі і гэтак далей.
— Апошні УНС праходзіў у 2021 годзе. І тады вельмі шмат гучала пра барацьбу з апазыцыяй, пра «зьбеглых». Зараз пра ўнутраных апанэнтаў Лукашэнка фактычна ня ўзгадваў. Ці азначае гэта, што гэтая тэма яго ўжо ня так турбуе, што ўнутраныя ворагі пераможаныя, засталіся толькі замежныя?
— У 2021 годзе была зусім іншая атмасфэра, людзі толькі сышлі з вуліцаў. І замежнапалітычная сытуацыя была не такая — прынамсі, што тычыцца пазыцыі Расеі. Тады Лукашэнку трэба было мабілізаваць сваіх прыхільнікаў, даць сыгнал намэнклятуры.
Я ня думаю, што пытаньне ўнутранай стабільнасьці зьнятае з парадку дня для ўлады. Пра гэта, прынамсі, сьведчыць працяг рэпрэсіяў ды іншыя дзеяньні ўлады. Але, канечне, вастрыня гэтага пытаньня цяпер ніжэйшая, чым у 2021 годзе, калі людзі яшчэ маглі выказваць свае меркаваньні, калі ў грамадзтве было жаданьне палітычных дзеяньняў.
Цяпер адкрытая публічная актыўнасьць немагчымая, таму ўлада можа адчуваць, што непасрэднай пагрозы ёй няма. Хоць асноўныя выклікі застаюцца.
— Як можна ацаніць выбар на пасаду намесьніка УНС Косінца? Гэты чалавек у свой час быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта, але з 2017 году заставаўся ў публічным цені, працуючы памочнікам Лукашэнкі. І гэта яўна не «пераемнік», хутчэй проста старанны адміністратар.
— Так, Косінец выглядае на адміністратара. Таму, калі і будуць нейкія палітычныя зьмены — то яны могуць выглядаць такім чынам, што Прэзыдыюм УНС будзе працаваць як нейкая другая Адміністрацыя прэзыдэнта, перацягне на сябе частку функцыяў.
У такім аспэкце можна прачытаць прызначэньне намесьнікам Косінца, каб ён стварыў структуру, якая будзе рыхтаваць рашэньні, якія потым павінен прымаць гэты Сход. У такім фармаце абраньне менавіта гэтага чалавека на пасаду намесьніка выглядае дастаткова лягічна.
— З абраньнем Лукашэнкі на пасаду старшыні УНС ці можна сказаць, што на сёньня найбольш імаверны палітычны сцэнар у тым, што Лукашэнка, заняўшы гэтую пасаду, пойдзе ў наступным годзе на прэзыдэнцкія выбары з мэтай пераабрацца?
— Так, гэта самы верагодны сцэнар. Думаю, што ўсе гэтыя «рэформы» прыводзяць да таго, што асабісты кантроль Лукашэнкі над дзяржаўным апаратам толькі ўзмоцніцца. Усе размовы пра транзыт і дэцэнтралізацыю прыводзяць да таго, што адбываецца яшчэ большая цэнтралізацыя і транзыт улады толькі аддаляецца.
Такая лёгіка разьвіцьця беларускай аўтарытарнай сыстэмы. Максымум, на што можа прэтэндаваць УНС, — гэта стварэньне нейкай «малой адміністрацыі прэзыдэнта», ні на што больш сур’ёзнае гэта не выглядае. Лукашэнка будзе імкнуцца застацца прэзыдэнтам і пасьля 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Без сэнсацый. Яшчэ адна пасада Лукашэнкі і дэкарацыя замест новага цэнтру ўлады ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка згадвае ўдзел у УНС: Усе рашэньні даўно прапісаныя, а галасаваньне — выключна фармальнасьць