Рэктар Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Сяргей Рубніковіч забараніў супрацоўнікам ВНУ ўдзельнічаць у канфэрэнцыях, курсах і сэмінарах, якія не прадугледжаныя плянам Мінздароўя, паведаміла мэдычная ініцыятыва «Белые халаты». Зьявілася пэтыцыя за скасаваньне такога рашэньня.
Для ўдзелу ў канфэрэнцыях, зьездах, навучальных курсах і г.д. па-за плянам, зацьверджаным Мінздароўя, супрацоўнікам БДМУ трэба будзе атрымаць «спэцдазвол», вынікае са зьмены ва ўнутраным распарадку БДМУ, на які спасылаюцца аўтары пэтыцыі.
Тое самае тычыцца і чытаньня лекцыяў у онлайн- і офлайн-рэжыме — супрацоўнікі ўнівэрсытэту могуць праводзіць іх толькі па ўзгадненьні зь непасрэдным кіраўніком і рэктарам.
Як вынікае з тэксту дакумэнту, адпаведны загад рэктар падпісаў 4 красавіка.
Адвакат Сяргей Зікрацкі, камэнтуючы загад для «Белых халатаў», заявіў, што ён не адпавядае ні міжнародным прававым нормам, ні дзейнаму беларускаму заканадаўству.
«Міжнародныя нормы аб правах чалавека замацоўваюць права кожнага на асабістае жыцьцё, якое ўключае ў сябе магчымасьць самарэалізоўвацца ў прафэсійным асяродзьдзі. Гэта тычыцца і ўдзелу ў адукацыйных мерапрыемствах. Магчымасьць выступаць зь лекцыямі таксама зьяўляецца рэалізацыяй права на свабоднае выказваньне свайго меркаваньня. (...)
Дакумэнт супярэчыць таксама і нормам беларускага заканадаўства, бо правілы ўнутранага распарадку арганізацыі ня могуць абмяжоўваць работнікаў у пытаньнях, якія ня тычацца ягонай працы ў гэтай арганізацыі», — заявіў Сяргей Зікрацкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За студзень-люты звальненьні мэдыкаў у Беларусі перавысілі наём на 28%. Недахоп кадраў — больш за 10 тысяч чалавекСупрацоўнікі і студэнты БДМУ 23 красавіка запусьцілі пэтыцыю ў адрас Мінздароўя з патрабаваньнем скасаваць рашэньне рэктара, заўважыў тэлеграм-канал праваабаронцаў MAYDAY TEAM.
«Мы верым, што акадэмічная свабода і магчымасьць удзелу ў навуковай дзейнасьці зьяўляюцца фундамэнтальнымі прынцыпамі адукацыі і разьвіцьця навуковай супольнасьці. Забарона свабоднага ўдзелу ў навуковых мерапрыемствах для выкладчыкаў БДМУ ў рэшце рэшт прывядзе да падзеньня ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў-мэдыкаў, што нэгатыўна адаб’ецца на насельніцтве», — гаворыцца ў пэтыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Умовы працы мэдыкаў у Беларусі блізкія да рабства». Доктар Салавей пра новага міністра, «дэградацыю сыстэмы» і сьмерці ў радзільнях