Сьвятара Дзьмітрыя Сафронава, які адпраўляў паніхіду па палітыку Аляксею Навальным, на 3 гады забаранілі ў служэньні. Адпаведны указ, падпісаны патрыярхам Кірылам (Уладзімірам Гундзяевым), апублікаваны на сайце Маскоўскай эпархіі РПЦ.
Ярэя, згодна з указам, панізілі да псаломшчыка і адправілі ў храм у гонар прападобнага Пімена Вялікага ў Новых Варотніках у Маскве для «выкананьня тых даручэньняў, якія вызначыць яму настаяцель».
Яму забаронена дабраслаўляць, насіць расу і сьвятарскі крыж.
«Па заканчэньні тэрміну нясеньня епітым’і, адпаведна водгукам зь месца нясеньня послуху, будзе прынята рашэньне аб магчымасьці яго далейшага сьвятарства», — гаворыцца ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз увёў санкцыі супраць дзьвюх расейскіх калёній і больш як 30 судзьдзяў і чыноўнікаў у сувязі са сьмерцю Навальнага- Сафронаў — клірык храма Пакрову Прасьвятой Багародзіцы ў Маскве. Ён адпяваў Навальнага на 40-ы дзень пасьля сьмерці, быў на яго пахаваньні і пасьля яго разам зь сямʼёй Аляксея адправіў паніхіды на магіле. Тэлеграм-канал «Праваслаўе і зомбі» сьцьвярджае, што Сафронаў не чытаў «Малітвы аб перамозе сьвятой Русі», у якой гаворыцца, што «ахвочыя да вайны апалчыліся на Сьвятую Русь і жадаюць падзяліць і загубіць адзіны яе народ».
- Маскоўская эпархія зь верасьня 2022 года патрабуе ва ўсіх прыходах чытаць гэтую малітву. У студзені за адмову ад такога чытаньня протаярэя Аляксея Ўмінскага пазбавілі сану.
- Сафронаў таксама падпісаўся пад зваротам сьвятароў з заклікам аддаць цела Навальнага сямʼі, адзначае «Медуза».