Цяпер урад Украіны спыніў дзеяньне міжурадавай дамовы зь Беларусьсю аб супрацы ў сфэры дзяржаўнага выпрабаваньня і аховы гатункаў расьлін, падпісанай 21 траўня 2004 году.
Як паведаміў у сваім тэлеграм-канале прадстаўнік ураду ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны Тарас Мельнічук, адпаведнае рашэньне ўхвалілі на пасяджэньні Кабінэту міністраў 23 красавіка.
«Спынілі ў сувязі з карэннымі зьменамі абставінаў», — напісаў Тарас Мельнічук.
Паводле яго, украінскі ўрад таксама спыніў дзеяньне пратаколу, які прадугледжваў унясеньне зьменаў у гэтую дамову.
Украіна таксама выйшла з чатырох дамоў, падпісаных у межах СНД — аб мадэрнізацыі цывільнай авіяцыі (падпісаньне адбылося 03 лістапада 1995 году), аб стварэньні Міждзяржаўнай фінансава-прамысловай групы «Інтэрнавігацыя» (25 лістапада 1998 году), аб узгодненым разьвіцьці міжнародных транспартных калідораў (20 лістапада 2009 году) і аб гарманізацыі патрабаваньняў да дадатковага навучаньня і прафэсійнай кампэтэнтнасьці міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў (24 лістапада 2006 году).
Тарас Мельнічук патлумачыў выхад Украіны з дамоваў СНД неабходнасьцю «гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі, узмацненьня абароны нацыянальных інтарэсаў, незалежнасьці, сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна спыніла дзеяньне дамоваў зь Беларусьсю аб супрацы памежных абласьцейЯкія яшчэ пагадненьні зь Беларусьсю дэнансавала Ўкраіна
Пасьля расейскага вайсковага ўварваньня, падтрыманага Аляксандрам Лукашэнкам і вайсковым кіраўніцтвам Беларусі, Украіна дэнансавала больш за 50 міжнародных дакумэнтаў, якія вызначалі супрацу зь Беларусьсю ў розных сфэрах — выйшла зь іх або спыніла іх дзеяньне. У тым ліку:
- аб назіраньні ў пунктах пропуску на мяжы;
- аб супрацы зь Беларусьсю ў авіяцыйным пошуку і ратаваньні;
- аб паветраных зносінах;
- аб свабодным гандлі;
- аб узаемных пастаўках у 1995 годзе ўзбраеньня, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыяльных сродкаў;
- аб аказаньні паслуг дзеля патрэбаў абароны і бясьпекі ад 1994 году;
- аб дадатковых мерах даверу і бясьпекі;
- аб правядзеньні сумесных навукова-дасьледчых і досьледна-канструктарскіх работ у галіне ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі;
- аб узаемнай ахове правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасьці, створаныя і прадэманстраваныя ў ходзе двухбаковага вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва;
- аб узаемадзеяньні ў сфэры геадэзіі, картаграфіі і дыстанцыйнага зандаваньня зямлі;
- аб супрацы ў сфэры дасьледаваньняў і выкарыстаньня касьмічнай прасторы ў мірных мэтах;
- аб супрацы памежных структураў і малым памежным руху;
- аб супрацы ў сфэры кіналёгіі;
- аб уніканьні двайнога падаткаабкладаньня;
- аб супрацы ў галіне моладзевай палітыкі;
- аб вытворчай і навукова-тэхнічнай каапэрацыі прадпрыемстваў і арганізацыяў абаронных галін прамысловасьці;
- аб вадаплаўстве па ўнутраных водных шляхах;
- аб узаемным прызнаньні і эквівалентнасьці дакумэнтаў аб адукацыі і навуковых званьнях;
- аб супрацы ў сфэры атэстацыі навуковых і навукова-пэдагагічных кадраў;
- аб супрацы ў сфэры навукі і тэхналёгіяў;
- аб супрацы ў сфэры стандартызацыі, мэтралёгіі і сэртыфікацыі;
- аб супрацы паміж міністэрствамі ўнутраных спраў (міжведамаснае пагадненьне зь Беларусьсю);
- аб сацыяльнай абароне працоўных мігрантаў.
Разам з тым украінскае кіраўніцтва заяўляе, што не зьбіраецца разрываць зь Беларусьсю дыпляматычныя адносіны, хоць у парлямэнце пэрыядычна абмяркоўваюць гэтае пытаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі ня будуць ляцець ракеты». Кіраўнік гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны расказаў пра гандаль зь Беларусьсю і ўкраінскіх беларусаў