У Мінадукацыі падвялі вынікі рэгістрацыі абітурыентаў на ЦТ. Расказваем, якія прадметы самыя папулярныя

Архіўнае фота. Бацькі абітурыентаў чакаюць іх перад будынкам корпусу БДУ, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэставаньне

У Міністэрстве адукацыі Беларусі падвялі вынікі рэгістрацыі на цэнтралізаванае тэставаньне-2024. Сёлета для ўдзелу ў ЦТ зарэгістраваліся 54,9 тысячы абітурыентаў. Рэгістрацыя праходзіла з 9 па 22 красавіка.

Паводле Мінадукацыі, найбольш запатрабаванымі для праходжаньня ЦТ на гэты раз сталі наступныя прадметы:

  • ангельская мова — 14,4 тысячы абітурыентаў,
  • фізыка — 13,4 тысячы,
  • матэматыка — 9,5 тысячы,
  • расейская мова — 9,4 тысячы.

Зьвестак пра беларускую мову і іншыя прадметы ЦТ, на якія рэгістраваліся абітурыенты, Мінадукацыі не прыводзіць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства адукацыі вызначыла даты Цэнтралізаванага тэставаньня ў Беларусі

Сёлета ЦТ будзе праходзіць з 27 траўня па 6 чэрвеня:

  • беларуская мова — 30 траўня;
  • расейская мова — 30 траўня;
  • грамадазнаўства — 27 траўня, 6 чэрвеня;
  • матэматыка — 27 траўня, 3 чэрвеня;
  • біялёгія — 27 траўня, 3 чэрвеня;
  • замежная мова (ангельская, нямецкая, француская, гішпанская, кітайская) — 27 траўня, 3 чэрвеня;
  • хімія — 27 траўня, 6 чэрвеня;
  • фізыка — 27 траўня, 6 чэрвеня;
  • гісторыя Беларусі — 27 траўня, 6 чэрвеня;
  • геаграфія — 27 траўня, 3 чэрвеня;
  • усясьветная гісторыя (найноўшы час) — 27 траўня, 3 чэрвеня.

У ведамстве нагадваюць, што абітурыентаў, якія з важкай прычыны ня змогуць прайсьці ЦТ у асноўныя дні, будуць перарэгістроўваць на рэзэрвовыя дні з 10 па 14 чэрвеня.

Выдача сэртыфікатаў ЦТ — 1 ліпеня.

Тэставаньне сёлета пройдзе на тэрыторыі 40 установаў адукацыі ў буйных раённых, абласных цэнтрах і сталіцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Было 86 балаў — стала 96. Як пералічылі балы ЦЭ і што будзе з уступнай кампаніяй