Усе восем кандыдатаў назвалі найбольш важныя зьнешнепалітычныя падзеі ў выпадку іх перамогі, а таксама падзяліліся сваімі думкамі пра падтрымку Ўкраіны, міграцыйную сытуацыю, а таксама пра тое, якія дачыненьні яны плянуюць разьвіваць з Расеяй, Беларусьсю і Кітаем.
Як паведаміла выданьне lrt.lt, дзейны прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што нельга мець ніякіх дачыненьняў ні з Расеяй, ні зь Беларусьсю, якая цалкам залежыць ад Масквы.
«Мы павінны дакладна стаяць на пазыцыі: Украіна знаходзіцца пад атакай. Свабода Ўкраіны — гэта наша свабода, мы павінны зьбіраць міжнародную падтрымку для перамогі Ўкраіны, і гэта найлепшы спосаб самім у выніку не апынуцца ў ізаляцыі», — працытавала Гітанаса Наўседу літоўскае выданьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве пачаліся нацыянальныя вайсковыя вучэньні. У іх возьме ўдзел ня толькі войскаДэкан юрыдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Вітаўтаса Вялікага Дайнюс Жалімас сказаў, што не ўяўляе ніякіх дачыненьняў з Расеяй без спыненьня вайны ва Ўкраіне, а таксама без прыцягненьня да адказнасьці лідэраў рэжымаў за ваенныя злачынствы і выплаты рэпарацый Кіеву.
Дзейная прэм’ерка Інгрыда Шыманіце лічыць, што нармалізацыя дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю магчымая толькі ў выпадку перамогі Ўкраіны. Яна таксама не пагадзілася з крытыкай дзеяньняў свайго ўраду, які ўвёў санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку датычна беларускіх угнаеньняў, яшчэ да пачатку вайны ва Ўкраіне. Паводле яе, не магло быць іншых рашэньняў, калі ў Беларусі зьявіліся тысячы палітычных вязьняў. Яна таксама назвала правільнай падтрымку беларускай апазыцыі ў Літве.
Адвакат Ігнас Вегеле падкрэсьліў, што дачыненьні Літвы з Расеяй павінны быць «вельмі прагматычныя», а стаўленьне да Беларусі пасьля 2020 году назваў «памылкай». Паводле яго, Літва згубіла «буфэрную зону» празь непрадуманыя рашэньні, і цяпер у Літвы «фактычна ёсьць мяжа з Расеяй за 40 кілямэтраў ад Вільні».
Колішні міністар абароны Літвы Гедрымас Эглінскас заявіў, што мэта Літвы — мець двух дэмакратычных суседзяў, але гэта немагчыма цягам найбліжэйшых дзесяці гадоў. Паводле яго, Расея разумее толькі сілу, таму NATO мусіць «прадэманстраваць непрадказальнасьць». Ён выказаўся за неабходнасьць умацоўваць дачыненьні з NATO і ЗША.
Лідэр Партыі працы Андрус Мазуроніс дадаў, што магчымасьць палітычных і эканамічных дачыненьняў зь Беларусьсю і Расеяй выглядае наіўнаю «для любога разважлівага чалавека». Што тычыцца Беларусі, прапанаваў ён, варта стварыць стратэгію дзейнасьці пасьля падзеньня рэжыму ў Менску і стратэгію доступу да простых беларусаў.
Доктар Эдуардас Вайткус заявіў, што Літва павінна імкнуцца да «нармальных добрасуседзкіх дачыненьняў з Расеяй і Беларусьсю, ня ўмешваючыся ва ўнутраныя справы гэтых краін» і не дапускаць умяшаньня ва ўнутраныя справы Літвы зь іхнага боку. Ён перакананы, што прысутнасьць Сьвятланы Ціханоўскай у Вільні — прыклад умяшаньня ва ўнутраную палітыку Беларусі, што правакуе Менск.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У літоўскім парлямэнце не падтрымалі абмежаваньня паездак у Беларусь для беларусаў з ДНЖЛідэр партыі «Зара Нёмана» Рэмігіюс Жэмайтайціс перакананы, што Аляксандар Лукашэнка — «закладнік» Уладзіміра Пуціна, адказны за тысячы палітычных вязьняў. Ён заклікаў разьдзяляць беларускі народ і рэжым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі патлумачылі, чаму зноў павялічыліся чэргі на мяжы зь Беларусьсю