Гэта першы ў гісторыі краіны крымінальны працэс у справе былога прэзыдэнта.
Прадстаўнік мангэтэнскай пракуратуры, якая выставіла крымінальныя абвінавачаньні былому прэзыдэнту, у сваім выступе паказаў дзеяньні Дональда Трампа як частку змовы з мэтай схаваць ад выбарнікаў важную інфармацыю, якая выстаўляла вядучага тады кандыдата ў прэзыдэнты ў нэгатыўным сьвятле.
Аб’ектам абвінавачаньняў у працэсе зьяўляецца выплата 130 тысяч даляраў порнаакторцы Стормі Дэніэлс за яе маўчаньне пра інтымную сувязь з Трампам, якая, як яна сьцьвярджала, мела месца дзесяцігодзьдзе раней. Гэтыя грошы Дэніэлс перадаў адвакат Трампа Майкл Коэн. Кампэнсаваныя яны былі з выбарчага фонду Трампа пад выглядам выдаткаў на юрыдычныя паслугі, што, як настойвае абвінавачаньне, ёсьць злачынствам.
Памочнік пракурора Мэт’ю Калянджэлё агучыў вэрсію ведамства, згодна зь якой Трамп падчас перадвыбарнай кампаніі таксама адкупіўся ад двух іншых патэнцыйных абвінаваўцаў: фотамадэлі часопіса Playboy, якая сьцьвярджала, што ў яе быў раман з Трампам, і швайцара ў адным з дамоў Трампа, які нібыта меў інфармацыю аб пазашлюбным дзіцяці палітыка.
Пазьней, аднак, высьветлілася, што швайцар ілгаў. Ён і фотамадэль прадалі правы на свае гісторыі таблёіду The National Enquirer, якім кіраваў сябар Трампа Дэвід Пэкер. Атрымаўшы правы, ён адмовіўся публікаваць гэтыя матэрыялы. Пэкер таксама выступіў у судзе ў панядзелак як сьведка абвінавачаньня, заявіўшы, што ён сапраўды спрабаваў утаіць нявыгадную для Дональда Трампа інфармацыю. На судзе будуць даваць паказаньні Майкл Коэн і Стормі Дэніэлс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп заявіў, што выжываньне Ўкраіны важнае і для ЗШААбаронца Трампа ўсклаў віну за фальсыфікацыю дзелавых папер на былога адваката Трампа Майкла Коэна, які вёў дакумэнтацыю. Тод Бланш настойвае на тым, што варыянт незаконнай выплаты быў арганізаваны Коэнам, а Трамп толькі падпісваў паперы, не паглыбляючыся ў дэталі.
Адвакат Трампа нагадаў, што Коэна за махлярства асудзіў фэдэральны суд і таму ён не заслугоўвае даверу, тым больш яго неаднаразова абвінавачвалі ў хлусьні, у тым ліку калі ён даваў паказаньні пад прысягай.
Прызнаньне Дональда Трампа вінаватым у крымінальным злачынстве залежыць ад таго, ці ўдасца пракуратуры Нью-Ёрку даказаць, што фальсыфікацыя дакумэнтацыі была, уласна, «сродкам змовы з мэтай спрыяць або перашкаджаць выбарам». Абарона палітыка заяўляе, што некаторыя спробы паўплываць на вынікі выбараў — гэта і ёсьць дэмакратыя.
Дональд Трамп знаходзіўся ў судзе падчас паседжаньня. Згодна з правіламі, ён абавязаны прысутнічаць на ўсіх судовых паседжаньнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн і Трамп забясьпечылі сабе вылучэньне кандыдатамі на прэзыдэнта ЗША ад сваіх партыяў